Расьсьледнік Хрыста Грозеў: агенты ГРУ, датычныя да атручэньня Скрыпалёў, навучаюць людзей для арганізацыі дывэрсіяў у Эўропе

Журналіст-расьсьледнік Хрыста Грозеў

Журналіст-расьсьледнік Хрыста Грозеў паведаміў, што агенты Галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Мінабароны Расеі (ГРУ) Анатоль Чапіга і Аляксандар Мішкін, вядомыя пад псэўданімамі «Башыраў» і «Пятроў», жывуць у Маскве і займаюцца навучаньнем і вэрбаваньнем людзей для арганізацыі дывэрсіяў у Эўропе. Пра гэта ён расказаў у этэры тэлеканалу «Дождь».

Паводле зьвестак Хрыста Грозева, Анатоль Чапіга пражывае на Мічурынскім праспэкце ў Маскве і займаецца навучаньнем шпіёнаў, як прафэсійных, так і непрафэсійных.

Аляксандар Мішкін у пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Ўкраіну знаходзіўся за лініяй фронту і ўваходзіў у склад групы, якая рыхтавала дывэрсіі на ўкраінскай тэрыторыі. Паводле апошняй інфармацыі, цяпер ён таксама займаецца навучаньнем і вэрбаваньнем, распавёў журналіст.

Паводле зьвестак расьсьледніка, вэрбаваньнем людзей для арганізацыі дывэрсіяў у Эўропе займаецца цэнтар ГРУ, у склад якога ўваходзіць у тым ліку аддзел, які арганізаваў атручваньне былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў Солсбэры ў 2018 годзе, а таксама выбухі складоў у Чэхіі.

У кастрычніку і сьнежні 2014 году на вайсковых складах ва Ўрбеціцэ (Чэхія), дзе захоўвалася зброя для Ўкраіны, адбыліся выбухі, у выніку якіх загінулі два чалавекі.

У верасьні 2023 году Служба бясьпекі і Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны завяршылі расьсьледаваньне ў гэтай справе і прыйшлі да высновы, што да іх датычнае найвышэйшае вайсковае камандаваньне Расеі і расейскія спэцслужбы. Паліцыя Чэхіі завяршыла расьсьледаваньне інцыдэнтаў у красавіку 2024 году і таксама прыйшла да высновы, што за арганізацыяй выбухаў стаяла расейская выведка, а выканаўцамі былі агенты Анатоль Чапіга і Аляксандар Мішкін. Пазьней чэскія СМІ напісалі, што ў расьсьледаваньні фігуруе яшчэ адзін расеец — Мікалай Шапашнікаў, былы расейскі вайсковец, які мае чэскае грамадзянства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МІ-6: Расея разгарнула авантурніцкую дывэрсійную кампанію ў Эўропе