Пратэсты працягваліся другую ноч. Напярэдадні ўвечары да грузінскага парлямэнту зноў прыйшлі тысячы грамадзян. Амаль адразу ж МУС Грузіі заявіла, што пратэстоўцы абражаюць паліцыянтаў і кідаюць у іх прадметы, а таксама пашкоджваюць гарадзкую маёмасьць. Ведамства папярэдзіла, што прыменіць спэцсродкі, калі ўдзельнікі мітынгу працягнуць «супрацьпраўныя дзеяньні».
Супраць пратэстоўцаў ужылі вадамёты і пярцовы спрэй, адціскаючы іх ад будынка парлямэнту.
Ужо ўвечары зьявіліся паведамленьні пра жорсткія затрыманьні і зьбіцьцё ўдзельнікаў мітынгу. Раніцай тэлеканал Mtavari апублікаваў відэа, на якім спэцназаўцы прыцэльна штурхаюць па галаве маладога чалавека, які ўжо ляжыць на тратуары.
Паводле паведамленьняў мясцовых СМІ, на працягу ночы пратэстоўцы палілі вогнішчы, будавалі барыкады, запускалі ў бок паліцэйскіх фаерверкі, спрабавалі адчыніць вароты парлямэнту і ўварваліся ў офіс кіроўнай «Грузінскай мары».
МУС Грузіі паведаміла пра 107 затрыманых. На іх склалі пратаколы аб непадпарадкаваньні паліцыі і дробным хуліганстве.
Дакладная колькасьць пацярпелых невядомая. Паводле грузінскай паліцыі, пацярпелі 10 супрацоўнікаў МУС, у бальніцы застаецца адзін зь сілавікоў (з апёкамі). Колькасьць пацярпелых пратэстоўцаў МУС Грузіі не паведамляе.
Пратэставыя шэсьці адбыліся і ў іншых гарадах Грузіі: у Батумі (там таксама адбыліся жорсткія затрыманьні), Кутаісі, Зугдзідзі, Горы, Поці і ў маленькім Чхароцку.
Пратэстантаў падтрымала прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі, якая раскрытыкавала разгон, «што нагадвае рэпрэсіі ў расейскім стылі». Выступаючы супраць прыпыненьня эўраінтэграцыі, свае пасады пакінулі некалькі супрацоўнікаў Мінабароны Грузіі і чатыры журналісты праўрадавага тэлеканала Rustavi2.
Пяць грузінскіх унівэрсытэтаў прыпынілі працу ў знак салідарнасьці з прысутнымі. Звароты да ўладаў з патрабаваньнем вярнуцца да працэсу эўраінтэграцыі паступаюць ад дыпляматаў, вайскоўцаў, бізнэсоўцаў, дзеячаў культуры і адукацыі.
Насустрач мітынгоўцам сьцяг Эўразьвязу вывесілі з вокнаў Канстытуцыйнага суда ў Батумі і мэрыі Кутаісі. Тэатар Руставэлі і некалькі кавярняў у цэнтры Тбілісі запрашалі ўдзельнікаў акцыі сагрэцца і атрымаць дапамогу.
28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі і сябра кіроўнай «Грузінскай мары» Іраклій Кабахідзэ аб’явіў пра прыпыненьне перамоваў з Эўразьвязам і адмову ад яго грантаў да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў Эўразьвяз да 2030 году. Інтэграцыя краіны ў Эўразьвяз і NATO прапісаная ў грузінскай Канстытуцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі пачаліся пратэсты пасьля заявы прэм’ера аб прыпыненьні перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз