Украіна хоча, каб NATO на наступным тыдні накіравала ёй запрашэньне ўступіць у альянс

Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга

У Кіеве лічаць, што гэта стане адэкватным адказам на эскалацыю канфлікту з боку Расеі.

Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заклікаў NATO накіраваць Кіеву запрашэньне аб уступленьні ў альянс.

У лісьце, зь якім азнаёмілася агенцтва Reuters, Сібіга прапануе зрабіць гэта на сустрэчы ў Бруселі, якая павінна адбыцца 3-4 сьнежня.

Прызнаючы, што Ўкраіна ня можа ўступіць у NATO да заканчэньня вайны, Кіеў падкрэсьлівае, што запрашэньне прадэманструе прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну, што адна з яго галоўных мэт — не дапусьціць ўступленьня Кіева ў NATO — ня можа быць дасягнута.

У NATO заявілі, што Ўкраіна далучыцца да альянсу і аб тым, што краіна знаходзіцца на «незваротным» шляху да ўступленьня ў яго. Тым ня менш пакуль краіна не атрымала афіцыйнага запрашэньня ў альянс.

Па словах дыпляматаў краін NATO, на дадзеным этапе сярод чальцоў альянсу няма кансэнсусу адносна запрашэньня Ўкраіны. Пры гэтым любое такое рашэньне патрабуе згоды ўсіх 32 краін, якія ўваходзяць у альянс.

«Мы лічым, што запрашэньне варта накіраваць на дадзеным этапе», — гаворыцца ў лісьце Сібігі.

Кіраўнік МЗС Украіны адзначае, што «гэта стане адэкватным адказам саюзьнікаў на пастаянную эскаляцыю Расеяй разьвязанай ёю вайны, апошняй праявай якой зьяўляецца ўцягваньне дзесяткаў тысяч паўночнакарэйскіх салдат і выкарыстаньне Ўкраіны ў якасьці выпрабавальнага палігону для новай зброі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі Захад здасца ва Ўкраіне, то наступнымі будуць Беларусь і Малдова, — Аркадзь Мошэс
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Беларусь заявіць, што ідзе ў NATO і Эўразьвяз, расейскія войскі прыйдуць праз пару тыдняў», — прафэсар Марплз