«Нядаўна мы выкрылі ашаламляльна авантурніцкую кампанію расейскай падрыўной дзейнасьці ў Эўропе, у той час як Пуцін і ягоныя паплечнікі зьвяртаюцца да бразганьня ядзернай зброяй, каб пасеяць страх наконт наступстваў дапамогі Ўкраіне», — заявіў Мур, выступаючы ў Парыжы.
Як растлумачыў Мур, ён не чакае, што Пуцін адмовіцца ад спробаў дасягнуць сваіх экспансіянісцкіх мэтаў, калі яму ўдасца ператварыць Украіну ў васальную дзяржаву.
«Калі Пуціну дазволяць дамагчыся посьпеху ў ператварэньні Ўкраіны ў васальную дзяржаву, то на гэтым ён ня спыніцца», — сказаў кіраўнік MI6.
Дырэктар брытанскай Службы бясьпекі (MI5) Кэн Маккалум раней папярэдзіў, што Расея з дапамогай дывэрсій імкнецца да таго, каб у Вялікай Брытаніі і ва ўсёй Эўропе запанаваў хаос.
Нягледзячы на высылку з Эўропы больш як 750 расейскіх дыпляматаў пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і высылку апошняга афіцэра расейскай вайсковай выведкі зь Вялікай Брытаніі на пачатку гэтага году, Маккалум канстатаваў, што тое, як расейскія дзяржаўныя чыноўнікі спрабуюць выкарыстоўваць сілы, якія знаходзяцца ў іх распараджэньні, кідаецца ў вочы.
«У прыватнасьці, ГРУ выконвае пастаянную місію па стварэньні хаосу на брытанскіх і эўрапейскіх вуліцах: мы бачым падпалы, дывэрсіі і многае іншае. Небясьпечныя дзеяньні ажыцьцяўляюцца з усё большай неразважлівасьцю», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды за мяжу едуць вучыцца беларускія студэнты. Апублікавалі рэйтынг