Дыпляматы папярэджваюць, што такі крок можа прывесьці да ізаляцыі краіны, страты спрыяльных умоў для інтэграцыі з ЭЗ і эўраатлянтычных структур, а таксама да аслабленьня нацыянальнай бясьпекі.
Адмова ад эўраінтэграцыі супярэчыць артыкулу 78 Канстытуцыі Грузіі, дзе замацаваны курс на збліжэньне з Эўразьвязам, адзначаюць аўтары заявы. На іх думку, падтрымка заходніх партнэраў неабходная краіне для супрацьдзеяньня пагрозам, якія абвастраюцца на фоне міжнароднай нестабільнасьці.
Супрацоўнікі Мінабароны Грузіі таксама выпусьцілі заяву, у якой адзначылі важнасьць супрацоўніцтва краіны з эўрапейскімі і эўраатлянтычнымі структурамі, а таксама прызналі ўклад заходніх партнэраў у разьвіцьцё абараназдольнасьці і стрымальных магчымасьцей Грузіі. Аўтары дакумэнту падкрэсьлілі, што яны застаюцца вернымі абавязаньням, устаноўленым артыкулам 78 Канстытуцыі. (Гэты артыкул патрабуе ад канстытуцыйных органаў Грузіі зрабіць усе захады дзеля поўнай інтэграцыі Грузіі ў ЭЗ і NATO.)
Тым часам пасол Грузіі ў Баўгарыі Атар Бэрдзэнішвілі падаў у адстаўку. Ён падкрэсьліў, што ня можа працягваць дыпляматычную службу, калі падрываюцца намаганьні па эўраінтэграцыі.
28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб спыненьні перамоў з ЭЗ і адмове ад грантаў ЭЗ да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер адзначыў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце, і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 году.
Рашэньне ўладаў выклікала масавыя пратэсты перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі. Дэманстранты спрабавалі ўзьвесьці барыкады, пачаліся сутычкі з паліцыяй. Для разгону пратэстоўцаў паліцыя прымяніла вадамёты і сьлезацечны газ. Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі заявіла аб затрыманьні 43 чалавек. Паведамляюць пра пацярпелых сярод пратэстоўцаў, паліцыянтаў і прадстаўнікоў СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўвяла «асаблівыя меры» для выдачы гуманітарных візаў беларусам у Грузіі