У Парыжы пасьля рэстаўрацыі ўпершыню адчыніў дзьверы сабор Нотр-Дам

Нотр-Дам

У Парыжы пасьля пяцігадовай рэстаўрацыі ўпершыню адчыніў свае дзьверы сабор Нотр-Дам. У яго аднаўленьні пасьля пажару 2019 годe бралі ўдзел больш за 1300 будаўнікоў і рамесьнікаў з усяго сьвету. Яны сталі яго першымі ганаровымі гасьцямі.

На адкрыцьці выступіў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Ён зьвярнуўся з прамовай да ўсіх, хто браў удзел у аднаўленьні сабора.

«Пажар 2019 году быў нашай нацыянальнай траўмай. Ваша праца і неабыякавасьць сталі лекамі для яе. Вы аднавілі мастацтва з попелу», — сказаў Макрон. Ён асабліва ўшанаваў памяць генэрала Жана-Луі Жаржэлена, які кіраваў рэстаўрацыяй і летась памёр.

Першапачаткова Макрон плянаваў выступіць унутры сабора. Гэта выклікала рэзкія пратэсты грамадзкасьці, якая нагадала, што царкоўныя будынкі не павінны выкарыстоўвацца для палітычных сходаў, і што выступаць унутры сабора не дазвалялася нават францускім каралям. У выніку Макрон зьвяртаўся да суграмадзянаў зь дзядзінца каля ўваходу ў будынак.

Урачыстае адкрыцьцё сабора адбудзецца 7 сьнежня. На цырымонію запрасілі кіраўнікоў многіх дзяржаў, спэцыялісты зь якіх удзельнічалі ў рэстаўрацыі. Пасьля гэтага Нотр-Дам пачне ў звычайным рэжыме прымаць турыстаў і прыхаджан.

  • Буйны пажар у Нотр-Даме адбыўся 15 красавіка 2019 году. Загарэліся будаўнічыя рыштаваньні на даху сабора. Дакладную прычыну пажару не ўдалося ўстанавіць, аднак вэрсію наўмыснага падпалу сьледзтва выключыла.
  • Як мяркуецца, рыштаваньні загарэліся ад кінутага працоўнымі недакурка або ад кароткага замыканьня ў электраправодцы. Дах сабора выгарэў цалкам, быў разбураны шпіль. Пашкоджаньні ўнутры будынка былі нашмат меншыя.
  • Зьбіраць сродкі на аднаўленьне сабора пачалі, яшчэ калі пажар ня быў патушаны. Ахвяраваньні з усяго сьвету склалі больш за 840 мільёнаў эўра. Гэтая сума аказалася нават большай, чым каштавала рэстаўрацыя; яе рэшта будзе выкарыстана на далейшую падтрымку будынку.
  • Нотр-Дам — сабор Парыскай Маці Божай — галоўны сабор францускай сталіцы і адзін з найбольш вядомых сымбаляў Парыжа і Францыі ў цэлым. Ён быў пабудаваны ў XII стагодзьдзі і з таго часу шматкроць перабудоўваўся. Чакаецца, што пасьля адкрыцьця ў сьнежні ён будзе штогод прымаць каля 15 мільёнаў наведнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Аўстраліі ўхвалілі закон аб забароне сацсетак для асоб, малодшых за 16 гадоў