У Грузіі адзін з дыпляматаў пайшоў у адстаўку пасьля адмовы ўладаў ад эўраінтэграцыі

Пасол Грузіі ў Баўгарыі Отар Бэрдзэнішвілі. Архіўнае фота

Пасол Отар Бэрдзэнішвілі выступіў і супраць гвалту, які выкарысталі ўлады для разгону пратэстоўцаў, і выказаў удзельнікам акцый сваю салідарнасьць.

Пасол Грузіі ў Баўгарыі Отар Бэрдзэнішвілі падаў у адстаўку.

«Цягам маёй доўгай дыпляматчынай службы я актыўна супрацоўнічаў з калегамі, прасоўваючы эўраатлянтычную і эўрапейскую інтэграцыю маёй краіны, а таксама выбудоўваючы моцнае і даверлівае стратэгічнае партнэрства з нашымі хаўрусьнікамі, асабліва з Злучанымі Штатамі. Нашы нястомныя намаганьні не павінны быць падарваныя або пастаўленыя пад пагрозу любым чынам», — працытавалі дыплямата журналісты праекту Радыё Свабода «Эхо Кавказа».

Отар Бэрдзэнішвілі таксама выступіў супраць гвалту, які выкарысталі ўлады для разгону пратэстоўцаў, і выказаў удзельнікам акцый сваю салідарнасьць.

Згодна з інфармацыяй «Эхо Кавказа», некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў Міністэрства замежных спраў Грузіі выступілі з супольнай заявай у сувязі з рашэньнем уладаў спыніць эўраінтэграцыю краіны. Яны лічаць, што гэтае рашэньне супярэчыць Канстытуцыі Грузіі і нацыянальным інтарэсам краіны.

Пасьля заявы прэм’ер-міністра Грузіі Іраклія Кабахідзэ пра згортваньне эўраінтэграцыі краіны ў Грузіі з новай сілай аднавіліся антыўрадавыя пратэсты, якія пачаліся пасьля парлямэнцкіх выбараў. Улады адказалі сілавым разгонам.

Разгон працягваўся да раніцы 29 лістапада. Пасьля затрыманьня многіх пратэстоўцаў паліцыянты білі па твары і патыліцы. МУС ужыла таксама вадамёт і пярцовы газ. Паводле зьвестак МУС Грузіі, падчас пратэстаў затрымалі 43 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя разагнала праэўрапейскі пратэст у Тбілісі, шмат затрыманых. Апазыцыя заклікала на новую акцыю