Украіна расьсьледуе чарговы расстрэл украінскіх палонных вайскоўцамі Расеі. Вядома пра 128 забітых

Ілюстрацыйнае фота. Будынак, разбураны падчас вайны ва Ўкраіне. Аўдзееўка данецкай вблоасьці

28 лістапада Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў пра пачатак расьсьледаваньня меркаванага расстрэлу чацьвярых украінскіх ваеннапалонных.

Паводле зьвестак ведамства, сёлета 22 лістапада расейскія войскі наступалі на пазыцыі Ўзброеных сіл Украіны ў раёне вёскі Пятроўка Пакроўскага раёна Данецкай вобласьці.

«Падчас варожага штурму чацьвёра вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны вымушана здаліся ў палон. Адразу паьсля гэтага акупанты адкрылі па іх агонь на паражэньне з аўтаматычнай зброі», — сьцьвярджае наглядны орган.

Офіс генпракурора Ўкраіны нагадвае, што забойства ваеннапалонных зьяўляецца грубым парушэньнем Жэнэўскіх канвэнцыяў і кваліфікуецца як цяжкае міжнароднае злачынства.

У пачатку лістапада 2024 году начальнік упраўлення Дэпартамэнту супрацьдзеяньня зьдзейсьненым ва ўмовах канфлікту злачынствам офіса генпракурора Ўкраіны Дзяніс Лысенка паведаміў, што ва Ўкраіне расьсьледуюць 49 крымінальных спраў па фактах забойства 124 ваеннапалонных.

Паводле яго, рост выпадкаў пакараньняў сьмерцю ўкраінскіх вайскоўцаў пасьля здачы ў палон пачаўся ў канцы 2023 году і дасягнуў «беспрэцэдэнтных маштабаў» у 2024 годзе. Больш за ўсё забойстваў, як заявілі ва ўкраінскай пракуратуры, зафіксавана ў Данецкай вобласьці — 62 ваеннапалонныя.

У пачатку кастрычніка экс-генпракурор Украіны Андрэй Косьцін заявіў пра «самую масавую кару» ўкраінскіх ваеннапалонных у Данецкай вобласьці. Паводле ягоных зьвестак, расейскія вайскоўцы забілі 16 палонных байцоў УСУ каля сёлаў Мікалаеўка і Сухі Яр у Пакроўскім раёне.

Апошні раз пра чарговы выпадак расстэрлу ўкраінскіх палонных Ўкраіна паведаміла менш за тыдзень таму. Паводле зьвестак пракуратуры Ўкраіны, расейскія вайскоўцы каля нядаўна захопленага расейскімі войскамі горада Вуглядар Данецкай вобласьці ўзялі ў палон і забілі яшчэ 5 бяззбройных украінскіх воінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура Ўкраіны паведаміла, што расейскія войскі забілі яшчэ 5 украінскіх палонных