Сярэднедушавы даход, ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму, паводле зьвестак Белстату, на трэці квартал 2024 году ў Беларусі мела 3,5% насельніцтва: у гарадах і мястэчках — 2,8%, у вёсках — 5,7%.
Бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі (на мінімальны набор прадуктаў харчаваньня, нехарчовых тавараў і паслуг, а таксама абавязковыя плацяжы і ўнёскі) на трэці квартал 2024 году складаў 433 беларускія рублі (з 1 лістапада яго павысілі да 437,8 рубля).
Канкрэтную колькасьць беларусаў, якія знаходзяцца за рысай беднасьці, Белстат не называе. Калі ўлічыць, што на 1 студзеня 2024 году (апошнія зьвесткі) насельніцтва Беларусі складала 9 155 978 чалавек, зь іх гарадзкое насельніцтва — 7 198 285, вясковае — 1 957 693, дык за рысай беднасьці ў Беларусі на трэці квартал 2024 году знаходзіліся каля 320,5 тысячы чалавек, зь іх каля 251,9 тысячы — у гарадах і мястэчках і каля 68,5 тысячы вяскоўцаў.
Больш за ўсё людзей за рысай беднасьці зафіксавана ў Гомельскай вобласьці — 5,2%, за ёю Магілёўская вобласьць — 5,1%, Берасьцейская — 5%, Віцебская — 4,6%, Горадзенская і Менская — 2,6%.
Менш за ўсё людзей жылі за рысай беднасьці ў Менску — 1,1%.
На прадукты харчаваньня беларусы трацяць 35,9% ад усіх спажывецкіх выдаткаў, на нехарчовыя тавары — 37,2%, на паслугі — 24,5%, зь іх 5,3% — на жыльлёва-камунальныя паслугі, сьведчыць статыстыка Белстату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штучна напампоўваць заробкі пад выбары няма ні магчымасьці, ні патрэбы, — эканаміст Крук