Паводле чыноўніцы, пераважае II група інваліднасьці, яе маюць 225,3 тысячы чалавек. Другая паводле распаўсюджанасьці — III група, самая малалікая — I група.
Арцёменка паведаміла, што інвалідаў па зроку ў краіне больш за 25 тыс., па слыху — больш за 10 тыс. Самая шматлікая, як сказала чыноўніца, — група інвалідаў «праз агульнае захворваньне».
Паводле слоў прадстаўніцы Мінпрацы, у Беларусі больш за 28 тыс. сацыяльных аб’ектаў («кожны пяты») цалкам даступныя для людзей з інваліднасьцю — «ня толькі апорна-рухальнага апарату, але і з парушэньнямі зроку, слыху» ды інш. Да канца 2025 году доля такіх аб’ектаў перавысіць 30 тысяч, заявіла Арцёменка.
Кажучы пра працаўладкаваньне людзей з інваліднасьцю, намесьніца міністра адзначыла, што «важны ўнёсак» у яго робяць грамадзкія аб’яднаньні інвалідаў. У Беларусі, паведаміла яна, дзейнічае 79 прадпрыемстваў і тры грамадзкія аб’яднаньні інвалідаў, дзе працуюць звыш 7 тысяч чалавек, больш за палову зь іх — людзі з інваліднасьцю.
Начальніца аддзелу адаптацыі і інтэграцыі асоб з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця (АПФР) Міністэрства адукацыі Ала Вераценьнікава заявіла, што ў Беларусі «штогод абнаўляецца банк дадзеных пра дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця, які дазваляе адсочваць тэндэнцыі ў іх адукацыі».
Паводле інфармацыі прадстаўніцы ведамства, на 15 верасьня 2023 году банк дадзеных утрымліваў інфармацыю больш як пра 180 тысяч дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця, зь якіх 17 тысяч — дзеці з інваліднасьцю (згодна з дадзенымі на сайце Мінадукацыі, у 2023/2024 навучальным годзе колькасьць навучэнцаў з АПФР была 180,9 тыс. чалавек, у 2022/2023 годзе — 179,4 тыс.).
У Беларусі, адзначыла Вераценьнікава, функцыянуе 235 устаноў спэцыяльнай адукацыі, у тым ліку 48 спэцыяльных дзіцячых садоў, 46 спэцыяльных школ і спэцыяльных школ-інтэрнатаў, 141 цэнтар карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі.
Як паведамляла ў лістападзе 2023 году дырэктарка Інстытуту інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя М. Танка Вера Хітрук, колькасьць дзяцей, якія маюць тыя ці іншыя асаблівасьці псыхафізычнага разьвіцьця, складала ў Беларусі 183,2 тысячы. У параўнаньні з папярэднім навучальным годам гэтая лічба павялічылася амаль на 4 тысячы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бабулі дому састарэлых баяцца як агню». Гісторыя былога жыхара сацыяльнага прытулку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не апошняя сьмерць». Як выжываюць палітвязьні ў атрадзе для людзей з інваліднасьцю