Грузінскі парлямэнт зацьвердзіў новы ўрад. Апазыцыя праігнаравала галасаваньне

Прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ

Іраклі Кабахідзэ застанецца прэм’ер-міністрам Грузіі.

У парлямэнце Грузіі 11-га скліканьня большасьць дэпутатаў, якія ўваходзяць у партыю «Грузінская мара», выказала давер новаму ўраду. Пленарнае пасяджэньне працягвалася каля 100 хвілін, піша грузінская служба Свабоды.

Новы ўрад падтрымалі 84 дэпутаты «Грузінскай мары». Ніхто не пярэчыў.

Ніхто з апазыцыйных дэпутатаў на паседжаньні не прысутнічаў — усе апазыцыйныя партыі называюць парлямэнцкія выбары 26 кастрычніка сфальшаванымі і не прызнаюць іх вынікаў. Пратэсты ў Тбілісі былі разагнаныя і спыніліся, апазыцыя абяцала «новую стратэгію» пратэсту.

У сваім выступе на пасяджэньні прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ заявіў пра жаданьне перазагрузіць адносіны з Эўразьвязам і адпрэчыў закіды апазыцыі ў прарасейскай пазыцыі ўраду.

Гаворачы пра Эўразьвяз, Кабахідзэ паўтарыў, што мэта ўраду — каб Грузія далучылася да Эўразьвязу да 2030 году, хаця Эўразьвяз мае свае ўмовы, якія Грузія будзе ўлічваць, калі гэта не супярэчыць нацыянальным інтарэсам краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі пратэстоўцы закідалі яйкамі будынак парлямэнту падчас першай сэсіі пасьля спрэчных выбараў

Напярэдадні лідэр кіроўнай партыі «Грузінская мара» алігарх Бідзіна Іванішвілі абвясьціў аб вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты колішняга футбаліста Міхэіла Кавэлашвілі.

Інаўгурацыя новавыбранага прэзыдэнта Грузіі чакаецца 29 сьнежня. Прэзыдэнта Грузіі цяпер будуць выбіраць не агульнанацыянальным галасаваньнем, а ў парлямэнце. Адпаведна, «Грузінская мара», якая мае большасьць у парлямэнце, мае найбольшы ўплыў на вызначэньне гэтай кандыдатуры. Цяперашняя прэзыдэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі зьяўляецца апанэнтам кіроўнай партыі.

Летась у сьнежні Грузія атрымала статус кандыдаткі ў сябры Эўразьвязу. Аднак пасьля ўзмацненьня антызаходняй рыторыкі кіроўнай партыі ў Брусэлі заявілі пра замарожваньне працэсаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грузія рухаецца ў беларускім кірунку, а Беларусь можа раней за яе далучыцца да Эўразьвязу», — брытанскі аналітык Эдвард Лукас