Лукашэнка заўважыў адсутнасьць Армэніі на саміце АДКБ. Краіна ўжо год ня ўдзельнічае ў арганізацыі

Удзельнікі саміту АДКБ у Астане, 28 лістапада 2024

Саміт АДКБ праходзіць у палацы Незалежнасьці ў Астане (Казахстан).

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што адсутнасьць Армэніі на саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) у Астане «характырызуе геапалітычную сытуацыю ў рэгіёне».

Армэнія ўжо год ня ўдзельнічае ў палітычных і вайсковых мерапрыемствах АДКБ: у лістападзе 2023 году прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньнян упершыню праігнараваў саміт, які праводзіўся ў Менску, а ў пачатку 2024 году армянскія ўлады заявілі аб замарожваньні свайго ўдзелу ў арганізацыі.

«Сёньня мне выпаў гонар выступаць першым, паколькі нашы армянскія калегі ня ўдзельнічаюць у пасяджэньні. Гэта, дарэчы, характырызуе бягучую геапалітычную сытуацыю ў рэгіёне і ў нейкай ступені нашу арганізацыю», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмʼер Армэніі заявіў, што не прыедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. Зь Менску і Ерэвану адклікалі амбасадараў

Як вынікае з паведамленьняў дзяржаўнага агенцтва, Лукашэнка трацыйна прысьвяціў свой выступ пагрозам з боку NATO і заходніх краін і неабходнасьці стварэньня шматпалярнага сьвету.

«Сумна, што Захад марнуе сілы на барацьбу з фальшывымі праблемамі. Прычым гэтыя фальшыўкі яны самі і ствараюць. У той час, як у сучасным сьвеце ёсьць вялікае мноства транснацыянальных выклікаў і пагроз, зь якімі можна і трэба замагацца. І толькі разам», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, міжнародная сытуацыя толькі пагаршаецца, а ранейшая сыстэма стрымліваньня і проціваг ужо не працуе.

«На гэтым тле імкліва набірае абароты гонка ўзбраеньняў. Працягвае мілітарызавацца Ўсходнеэўрапейскі рэгіён, асабліва Польшча. Ідзе натафікацыя Эўропы і сьвету ў цэлым. [...] Чапляючыся за дамінаваньне, якое зьнікае, Захад усё больш размаўляе на мове зброі, закрываючы вочы на пагрозы ядзернага супрацьстаяньня, якое пагражае зьнішчэньнем усёй плянэты», — заявіў ён.

Для ўзмацненьня бясьпекі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў арганізаваць адначасовы саміт краін, якія ўваходзяць адразу ў некалькі аб’яднаньняў — АСЕАН, АДКБ, ШАС, СНД, CICA (Нарада па ўзаемадзеяньні і захадах даверу ў Азіі), Рады супрацоўніцтва краін Пэрсыдзкай затокі.

Прэсавая служба прэзыдэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева разьмясьціла відэазапіс, як прыбывалі ўдзельнікі саміту АДКБ у палац Незалежнасьці ў Астане.

  • АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаў-сяброў». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
  • З 2024 году Армэнія замарозіла свой удзел у палітычных і вайсковых мерапрыемствах арганізацыі.