Палітзьняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

Ігар Карней. Архіўнае фота

Ігара Карнея абвінавачваюць у непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі, паведамляе «Вясна».

У судзе Шклоўскага раёну 11 сьнежня пачнецца разгляд чарговай крымінальнай справы супраць палітзьняволенага журналіста Ігара Карнея, якога ў сакавіку гэтага года асудзілі на 3 гады зьняволеньня. Справу будзе разглядаць судзьдзя Аляксандар Тараканаў.

Ігара абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі»).

Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калёніі № 17 зьмяшчала зьняволенага журналіста некалькі разоў у ПКТ. Фактычна, цяпер яго будуць судзіць у крымінальным парадку за «парушэньні», за якія ён ужо атрымаў спагнаньні ад адміністрацыі.

Журналісту могуць дадаць яшчэ адзін год пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Ігару Карнею падоўжылі знаходжаньне ў ПКТ

22 сакавіка 2024 году Ігара Карнея прызналі вінаватым ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» паводле ч. 3 арт. 361-1 КК і

пакаралі на 3 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму і штраф 20 тысяч рублёў.

Ігару Карнею 56 гадоў. 5 кастрычніка іх з жонкай шлюбу споўніцца 33 гады. У іх чатыры дачкі. Другі год яны будуць адзначаць сямейнае сьвята паасобку. Сям’я Ігара Карнея выехала зь Беларусі праз пагрозу перасьледу.

Журналіст Ігар Карней прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязьнем. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зьняволеньні цяпер знаходзяцца 36 беларускіх журналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты