У Беларусі 25 тыс. чалавек жыве з ВІЧ, з 1987 году зарэгістравана каля 36 тыс. выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі, паведаміла лекар-эпідэміёляг аддзелу прафіляктыкі ВІЧ-інфэкцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Лізавета Прылажынская на прэс-канфэрэнцыі 27 лістапада, піша Позірк.
Распаўсюджанасьць ВІЧ нераўнамерная, падкрэсьліла Прылажынская: больш за 70% чалавек зь ВІЧ жывуць у Гомельскай вобласьці, Менску і Менскай вобласьці.
За 10 месяцаў бягучага году выяўлена тысяча новых выпадкаў ВІЧ, што на 14% менш, чым у адпаведны пэрыяд мінулага году. Шляхі перадачы застаюцца нязьменнымі: полавы (84% усіх новых выпадкаў) і парэнтэральны (пры ўвядзеньні іньекцыйных наркотыкаў або выкарыстаньні нестэрыльнага мэдычнага рыштунку).
Цяпер ВІЧ — хранічнае захворваньне, якое пры належным лячэньні не прыводзіць да сьмерці і цяжкіх наступстваў для здароўя, падкрэсьліла Прылажынская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуса зь ВІЧ-інфэкцыяй спрабавалі выслаць з Расеі. Што вырашыў судУ Менску на ўліку ў сыстэме аховы здароўя 5400 чалавек зь ВІЧ, паведаміла лекар-інфэкцыяніст Гарадзкой клінічнай інфэкцыйнай лякарні Менску Ганна Шамецька.
Паводле яе слоў, больш за 90% зь іх атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію (АРТ). З 2023 году ў сталіцы лячэньне ВІЧ ажыцьцяўляецца сучасным антырэтравірусным прэпаратам далутэгравірам, які прымяняецца ў спалучэньні з іншымі прэпаратамі для лячэньня ВІЧ/СНІДу, сказала яна.
Пры гэтым у Менску на лячэньне далутэгравірнымі схемамі перавялі 87% тых, хто атрымлівае АРТ-тэрапію. Такое лячэньне пацыенты атрымліваюць з моманту выяўленьня захворваньня.
У 2024 годзе ў Менску ВІЧ выявілі ў 37 цяжарных жанчын, 19 зь іх знаходзяцца пад наглядам сацыяльных работнікаў для прафіляктыкі перадачы ВІЧ дзіцяці, адзначыла лекар.
У 2016 годзе СААЗ пацьвердзіла элімінацыю перадачы ВІЧ-інфэкцыі і сіфілісу ад маці дзіцяці ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне гарэла і балела ўсё цела адначасова». Мэдыкі кажуць пра рэзкі рост захворваньняў на адзёр у Беларусі