Беларусь і Віетнам праводзяць перамовы аб вайсковай супрацы. Кантакты актывізавалі ў 2022 годзе

Кіраўнік Мінабароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы зь міністрам нацыянальнай абароны Сацыялістычнай Рэспублікі Віетнам Фан Ван Зянгам у Маскве ў жніўні 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі пра візыт у Віетнам першага намесьніка начальніка тылу Ўзброеных сіл Беларусі — начальніка штабу тылу Аляксандра Масолава.

«Мэта візыту — працоўная сустрэча ў пытаньнях тылавога забесьпячэньня», — адзначаецца ў паведамленьні.

Аляксандар Масолаў і ягоны віетнамскі калега, намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня тылу Міністэрства нацыянальнай абароны Фам Мань Кыонг абмеркавалі цяперашнюю супрацу і вызначылі «найбольш важныя кірункі па далейшым узаемадзеяньні». Гэта другі раўнд перамоваў на тэму тылавога забесьпячэньня. Першы прайшоў у Менску ў верасьні 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Віетнам пераходзяць на бязьвізавы рэжым. Хто зможа ім скарыстацца


Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Беларусь і Віетнам актывізавалі вайсковую супрацу. За апошнія два гады адбылося некалькі ўзаемных візытаў вайсковых дэлегацый. Сёлета ў жніўні дэлегацыі абмеркавалі супрацу ў арганізацыі вайсковай сувязі, у красавіку — у навігацыі, у сьнежні 2023 году падпісалі плян супольных мерапрыемстваў на 2024 год і абмеркавалі супрацу ў міратворчай дзейнасьці і падрыхтоўцы беларускіх вайскоўцаў у Віетнаме.

Акрэдытацыйная сустрэча вайсковага аташэ Віетнаму адбылася 20 кастрычніка 2022 году ў Міністэрстве абароны Беларусі. Тады ж абмеркавалі «стан і пэрспэктывы двухбаковага вайсковага супрацоўніцтва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь засталася ў дваццатцы экспартэраў зброі, нягледзячы на скарачэньне паставак