Канада і беларускія дэмакратычныя сілы правялі першыя стратэгічныя кансультацыі

Сьвятлана Ціханоўская і яе галоўны дарадца Франак Вячорка

Перамовы адбыліся 26 лістапада ў Атаве.

Падтрымка незалежных СМІ, прыцягненьне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці, прызначаныя ім на студзень 2025 году прэзыдэнцкія выбары і ваенна-палітычнае становішча ва Ўсходняй Эўропе сталі галоўнымі тэмамі першага раўнду стратэгічных кансультацый паміж Канадай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, паведаміў «Позірку» іх удзельнік, галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Гэта аналяг стратэгічнага дыялёгу з ЗША, які распачаўся летась у сьнежні ў Вашынгтоне і працягнецца сёлета ў сьнежні ў Вільні, а таксама кансультацыйнай групы ЭЗ і беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці, якая распачала працу ў чэрвені 2023 году», — адзначыў Вячорка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя сілы падрыхтавалі прапановы новых санкцыяў да другога раўнду стратэгічнага дыялёгу з ЗША

Ад беларускага боку ў перамовах удзельнічалі Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», аб’яднаньня былых супрацоўнікаў сілавых структур BelPol, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў міжнародным і эўрапейскім супрацоўніцтве Ўладзімер Астапенка, журналісты.

Ад Канады былі прадстаўнікі ўраду, МЗС, амбасадар у Варшаве Катрын Гадэн, якая адказвае за стасункі зь Беларусьсю. Замежнапалітычнае ведамства прадстаўлялі кіраўнікі дэпартамэнтаў, якія займаюцца санкцыямі, міжнародным правасудзьдзем, правамі чалавека, Усходняй Эўропай і непасрэдна Беларусьсю, удакладніў Вячорка.

На думку Ціханоўскай, у пераходны пэрыяд Канада можа адыграць жыцьцёва важную ролю, дапамагаючы распрацоўваць рэформы, пісаць новую Канстытуцыю Беларусі, фармаваць будучых лідэраў і накіроўваць працэс прымірэньня.

«Паколькі Канада будзе старшыняваць у G7, мы спадзяёмся, што Беларусь стане адным з вашых прыярытэтаў», — заявіла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада выдаткавала незалежным беларускім СМІ каля 1 мільёна даляраў і абяцала працяг падтрымкі