За год у Менску амаль на 60% вырасла колькасьць спраў аб банкруцтве

Ілюстрацыйнае фота. Эканамічны суд Менску

На 1 кастрычніка ў Беларусі адкрыта 975 спраў аб банкруцтве, вынікае са зьвестак, апублікаваных Міністэрствам эканомікі.

Больш за ўсё колькасьць такіх спраў вырасла ў Менску — за год на 58,2% (з 1 кастрычніка 2023 па 1 кастрычніка 2024 году).

У Берасьцейскай вобласьці рост за год склаў 56,1%, у Менскай — колькасьць не зьмянілася. У іншых рэгіёнах адзначаецца зьмяншэньне колькасьці спраў аб банкруцтве: у Горадзенскай вобласьці — на 18,8%, Віцебскай — на 25,7%, Магілёўскай — на 26,8%, Гомельскай — на 34,4%.

У Менску на 1 кастрычніка разглядалі 451 справу аб банкруцтве (зь іх 416 у дачыненьні да юрыдычных асобаў і 35 — у дачыненьні да ІП), у Менскай вобласьці — 158, Берасьцейскай — 90, Гомельскай — 87, Віцебскай — 70, Горадзенскай — 61, Магілёўскай — 58.

З усіх спраў аб банкруцтве

  • 40,6% спраў вядзецца ў гандлі (год таму — 37,8%),
  • 14,2% — у будаўніцтве (год таму — 12,5%),
  • 10,5% — у сфэры транспарту (год таму — 12,7%),
  • 9,4% — у прамысловасьці (год таму — 13,3%),
  • 4,4% — у сельскай гаспадарцы (год таму — 3,9%),
  • 20,9% — у астатніх галінах (год таму — 19,8%).

На 1 лістапада 2024 году ў судах знаходзіліся 355 спраў аб эканамічнай неплатаздольнасьці (банкруцтве), вынікае з інфармацыі Вярхоўнага суду. За месяц іх колькасьць зьменшылася на 4,31%, у гадавым вымярэньні — на 26,95%.

Банкруцтва арганізацыяў прыватнай формы ўласнасьці тычыліся 349 спраў, горадаўтваральных і бюджэтаўтваральных дзяржаўных арганізацый — 28 спраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску банкруцяцца дзьве буйныя кампаніі-забудоўнікі