Мінабароны Расеі 26 лістапада выступіла са сьцьвярджэннем, што за апошнія тры дні ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі два ўдары дальнабойнай заходняй зброяй па аб’ектах у Курскай вобласьці. Гэта першае афіцыйнае паведамленьне расейскіх уладаў пра падобныя ўдары пасьля тэлезвароту Пуціна, у якім ён казаў пра два ўдары, нанесеныя раней.
Паводле Мінабароны Расеі, 23 лістапада пяць ракет ATACMS амэрыканскай вытворчасьці былі выпушчаныя па пазыцыі зэнітнага ракетнага дывізіёна С-400 у раёне Латароўкі на паўночны захад ад Курску. Пры гэтым, як сьцьвярджаецца, тры ракеты ATACMS былі зьнішчаныя, а дзьве дасягнулі цэлі. У выніку пашкоджаная радыёлякацыйная станцыя, пацярпелі вайскоўцы, сьцьвярджае Мінабароны.
Другі ўдар, як сьцьвярджаецца, быў нанесены 25 лістапада васьмю ракетамі ATACMS па аэрадроме Курск-Усходні, сем ракет былі зьбітыя, а адна дасягнула цэлі, у выніку двое вайскоўцаў атрымалі лёгкія раненьні. Мінабароны таксама публікуе фота абломкаў ракет, як сьцьвярджаецца, зь месцаў, якія зазналі ракетныя напады.
Расейскае абароннае ведамства заявіла, што цяпер рыхтуе «дзеяньні ў адказ».
У Генштабе Ўзброеных сіл Украіны раней сьцьвярджалі, што падчас удару ўначы 23 лістапада паразілі радыёлякацыйную станцыю зэнітна-ракетнага комплексу С-400. Паводле зьвестак тэлеграм-каналу «ВЧК-ОГПУ», загінулі пяць афіцэраў, яшчэ трое супрацоўнікаў АТ «Алмаз-Антэй» атрымалі цяжкія раненьні.
Пра ўдар па аэрадроме Курск-Усходні пісаў блізкі да расейскіх вайскова-касьмічных сілаў тэлеграм-канал Fighterbomber і таксама паведамляў пра восем ракет і нязначныя пашкоджаньні. Украінскія аналітыкі OSINT-праекту CyberBoroshno пісалі, што акрамя прылётаў па аэрадроме, былі два ўдары па пазыцыі С-400, якая спрабавала адбіць атаку.
Паводле зьвестак New York Times, Пэнтагон перадаў УСУ каля 20 ракет ATACMS. Гэтая мадыфікацыя амэрыканскіх ракет — касэтны снарад, яна нясе 950 суббоепрыпасаў.
Паведамленьні пра тое, што ЗША далі ўкраінскім вайскоўцам дазвол выкарыстоўваць ракеты ATACMS для ўдараў па вайсковых цэлях на расейскай тэрыторыі, зьявіліся на мінулым тыдні. Афіцыйна Белы дом пацьвердзіў іх толькі 25 лістапада. Таксама кіраўнік МЗС Францыі афіцыйна пацьвердзіў дазвол выкарыстоўваць пастаўленыя Францыяй далёкабойныя ракеты. Па ўсім відаць, адпаведны дазвол дала і Вялікая Брытанія.
Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін раней заяўляў, што такі дазвол будзе азначаць прамое ўключэньне краінаў NATO ў вайну на баку Ўкраіны. На мінулым тыдні ён выступіў з заявай, у якой паведаміў пра два ўдары заходняй далёкабойнай зброяй па аб’ектах у Расеі, а таксама пра ўдар у адказ расейскай ракетай сярэдняй далёкасьці, якую ён назваў «Арэшнік», па заводзе ў Дніпры. Пуцін падкрэсьліў, што Масква пакідае за сабой права атакаваць вайсковыя аб’екты на тэрыторыі ня толькі Ўкраіны, але і краін, якія ёй дапамагаюць.
Адначасова са зьяўленьнем паведамленьняў пра дазволы заходніх краін на ўдары па Расеі быў апублікаваны ўказ Пуціна аб зьмяненьні расейскай ядзернай дактрыны. Цяпер Расея афіцыйна мае права ўжываць ядзерную зброю нават у адказ на ракетныя абстрэлы няядзернай зброяй, калі палічыць іх сур’ёзнай пагрозай. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў заявіў, што на Захадзе павінны «пачуць» словы Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прапагандысцкі ўдар, дэманстрацыя магчымасьцяў». Экспэрты тлумачаць, навошта Расея выпусьціла па Ўкраіне балістычную ракету «Арэшнік»