У рэгіёнах Расеі дзяцей рыхтуюць да ракетных удараў

Ілюстрацыйнае фота

У расейскіх школах, асабліва ў памежных з Украінай рэгіёнах, дзяцей пачалі вучыць, што рабіць пры ракетнай небясьпецы. «Агентство» знайшло справаздачы пра вучэньні як мінімум у 16 рэгіёнах Расеі.

Паводле зьвестак выданьня, у Бранскай вобласьці заняткі зь дзецьмі пра тое, што рабіць пры пагрозе ракетнай небясьпекі, пачалі праводзіць адразу пасьля ўдару ракет ATACMS па Карачаве 19 лістапада. Журналісты знайшлі справаздачы пра гэта ў пабліках школ Бранску, гораду Клінцы, вёскі Сакалоўка і адукацыйных установаў у Пагарскім раёне. Настаўнікі праводзілі гутаркі, выводзілі дзяцей у калідоры і садзілі іх на падлогу каля сьценаў.

Акрамя Бранскай вобласьці, вучэньні ў школах з пачатку 2024 году часьцей за ўсё праводзілі ў Варонескай, Уладзімірскай, Арлоўскай, Курскай і Белгарадзкай абласьцях. Школы гэтых рэгіёнаў апублікавалі ня менш за пяць справаздач у кожным з суб’ектаў. Яшчэ ў 10 рэгіёнах выпускалі па адной ці дзьве справаздачы.

У прымежнай Белгарадзкай вобласьці вучэньні па рэагаваньні на ракетную небясьпеку пачалі праводзіць яшчэ зь лютага 2024 году — пасьля абстрэлу, у выніку якога загінулі сем чалавек і ня менш за 30 атрымалі раненьні. Такіх вучэньняў было ня менш як 39, пры гэтым у іх удзельнічалі школьнікі, выхаванцы дзіцячых садкоў, студэнты і пэдагогі.

У Курскай вобласьці навучаньне пачалося з сакавіка — на патрабаваньне бацькоў. Там прайшоў ня менш як 21 урок.

Паводле зьвестак журналістаў, ня ўсе бацькі станоўча рэагуюць на вучэньні. У Арлоўскай вобласьці бацькі адной з выхаванак школы мастацтваў паведамілі, што іх дзіця давялі да гістэрыкі праз тое, што трэніроўка была нечаканай. Падчас яе дзяцей разьмяшчалі пад партамі і эвакуавалі зь першага паверху.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна зазнаюць абстрэлы і атакі бесьпілётнікаў. Мінабароны Расеі дае справаздачу аб «спыненьні» ўкраінскіх нападаў і паведамляе пра ракеты і дроны, зьбітыя над тэрыторыяй Расеі. Падчас атак ёсьць разбурэньні і ахвяры. У большасьці выпадкаў Кіеў гэтыя паведамленьні не камэнтуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заявілі аб зьбіцьці і пашкоджаньні 6 амэрыканскіх ракет ATACMS. У Кіеве пацьвердзілі толькі цэль атакі