Заснавальніка мэдычнага цэнтру «Новы зрок» Алега Каўрыгіна завочна асудзілі на 12 гадоў зьняволеньня. Галоўнай бухгальтарцы, намесьнікам дырэктара і галоўнай мэдсястры прысудзілі ад 3 гадоў 3 месяцаў да 3 гадоў 6 месяцаў зьняволеньня з адтэрміноўкай на 3 гады.
Алег Каўрыгін пракамэнтаваў «Люстэрку» свой прысуд.
«Я ня ведаю, пра што ішла размова ў судзе. Не было ніводнага кантакту: ні з адвакатам, ні зь нейкімі сьледчымі, наогул ні з кім. А я не хаваўся. Не мяняў ні электроннай пошты, ні месца жыхарства. Больш за тое, я зьвяртаўся ў беларускае бюро Інтэрполу з просьбай даць мне нейкую інфармацыю аб гэтай справе, даючы свой асабісты тэлефон, кантакты адваката. Таму казаць пра тое, што я хаваюся ад правасудзьдзя, неяк недарэчна».
Пры гэтым Міжнароднае бюро Інтэрполу адказала Каўрыгіну, што беларускае бюро прасіла не інфармаваць самога Каўрыгіна ні пра дзеяньні супраць яго, ні пра тое, ці ёсьць ён у вышуку.
Перасьлед кіраўнік клінікі называе палітычна матываваным. І прыводзіць свае аргумэнты.
«„Эканамічны“ артыкул — толькі нагода, каб нібыта апраўдаць свае дзеяньні. Любы чалавек зразумее, што, калі я не зьяўляюся ў краіне больш за 10 гадоў, я не магу ніяк уплываць на дзеяньні прадпрыемства. Больш за тое, кіраваць ім. А тым больш зьдзяйсьняць нейкія падатковыя злачынствы, бо зьяўляюся падатковым рэзыдэнтам Літоўскай Рэспублікі з 2010 году. І да мяне няма абсалютна ніякіх прэтэнзій. Як і ў іншых краінах, дзе я працую.
Мы гаворым толькі пра заганную сыстэму, якой дазволілі сфармавацца ў Рэспубліцы Беларусь, каб перасьледаваць людзей, каб адымаць уласнасьць як у бізнэсоўцаў, так і ў іншадумцаў. Акцэнтую ўвагу, адзіным фігурантам, які атрымаў рэальны тэрмін, стаў я. Фактычна мяне асудзілі за тое, што я выказваў свой пункт гледжаньня пра тое, што адбываецца ў Беларусі, сумленна і без староннасьці. Я шчыра лічу, што гэта незаконны крымінальны перасьлед. І спадзяюся на тое, што ўсе, хто ўдзельнічаў у гэтым працэсе, у свой час панясуць заслужанае пакараньне паводле закону Беларусі, які дазволіць гэта зрабіць».
Прысуд у 12 гадоў Каўрыгін называе «застрашальным для іншых», прыводзячы прыклад, што меней часам даюць за забойства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску асудзілі заснавальніка і чатырох супрацоўнікаў клінікі «Новы зрок»Што тычыцца таго, што супрацоўнікам мэдычнага цэнтру іншых абвінавачваньняў, апрача эканамічных, ня выставілі, тут прадпрымальнік падазрае запалохваньне з мэтай атрымаць патрэбныя ў палітычным перасьледзе паказаньні. Каўрыгін гаворыць, што не злуецца на супрацоўнікаў і дапускае нават, што яны маглі падпісваць чыстыя аркушы паперы ў абмен на невялікі прысуд.
Таксама Генпракуратура заявіла, што спагнала з Каўрыгіна ў даход дзяржавы тры мільёны рублёў. Сам ён кажа, што не разумее, якім чынам яны паводле закону маглі гэта зрабіць.
«Гэта каля мільёна даляраў (856 тысяч па курсе Нацбанку на 25 лістапада 2024 году. — Заўв. „Люстэрка“). Справа ў тым, што ў мяне не было такой сумы ў Беларусі: ні маёмасьці, нічога, — тлумачыць ён і дадае, што афіцыйна не валодае „Новым зрокам“, а зьяўляецца толькі кансультантам. — Я ўжо 14 гадоў не жыву ў Беларусі, у мяне іншае грамадзянства. Таму я абсалютна не разумею, што яны маюць на ўвазе, гаворачы аб канфіскацыі трох мільёнаў. І ў нейкім выразным ключы я гэта пракамэнтаваць не магу. Тут відавочна прыдуманая дакладная схема ў адабраньні прадпрыемства».
У Каўрыгіна ёсьць 10 дзён, каб абскардзіць прысуд. Але адвакаты ўнутры Беларусі адмаўляюцца працаваць зь ім, не выходзяць на кантакт. Таму прадпрымальнік будзе зьвяртацца ў міжнародныя інстанцыі. На радзіму ён зьбіраецца вярнуцца, але «ня ў якасьці зьняволенага, а ў якасьці свабоднага чалавека».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тлустая пасада». Што такое беларускае бюро Інтэрполу і як яны шукаюць беларусаў за палітыку