Эгіпецкая берагавая ахова пачала ратавальную апэрацыю. Да вечара панядзелка выратаваныя 28 чалавек, яшчэ 17 пакуль лічацца зьніклымі бязь вестак. Іх шукаюць далей.
Прычына крушэньня пакуль невядомая. Чатырохпалубная маторная яхта Sea Story зьдзяйсьняла пяцідзённы круіз па Чырвоным моры. Каля 05:30 па мясцовым часе карабель падаў сыгнал бедзтва. СМІ адзначаюць, што на моры апошнімі днямі трымаецца моцнае хваляваньне, парывы ветру дасягаюць хуткасьці 60–70 кілямэтраў на гадзіну.
Увесь экіпаж яхты — грамадзяне Эгіпту. Сярод пасажыраў, паводле розных крыніц, — грамадзяне Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Нямеччыны, Фінляндыі, Бэльгіі, Славаччыны, ЗША і Кітаю.
The Guardian адзначае, што сёлета ў раёне Марса-Алям ужо былі два падобныя інцыдэнты. Абодва абышліся без ахвяр. У чэрвені перакулілася яхта з 24 турыстамі з Францыі. Усіх уратавалі. У лістападзе з турыстычнага судна, якое пацярпела крушэньне, уратавалі 30 чалавек.
Марса-Алям — курорт на Чырвоным моры. Ён папулярны як у звычайных турыстаў, так і ў аматараў дайвінгу дзякуючы навакольным каралавым рыфам. Штодня ў мора выходзяць дзясяткі прагулачных суднаў і лодак з дайвэрамі. Меры бясьпекі жорсткія, але прыватныя перавозчыкі нярэдка іх парушаюць.