У Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненьні жанчын праваабаронцы «Вясны» расказваюць пра факты палітычна матываваных рэпрэсіяў, гвалту, жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня з жанчынамі ў Беларусі.
Цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 163 жанчыны, якіх праваабарончая супольнасьць прызнала палітзьняволенымі.
За чатыры гады праваабаронцы зафіксавалі больш за 1450 вынесеных палітычна матываваных прысудаў па крымінальных справах у дачыненьні да жанчын — гэта толькі вядомыя праваабаронцам выпадкі. Рэальная лічба рэпрэсаваных жанчынаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі невядомая, адзначаюць праваабаронцы.
У Беларусі ліквідавалі амаль усе недзяржаўныя грамадзкія арганізацыі, якія займаліся абаронай правоў жанчын, у тым ліку «Радзіслава» і адзіны прытулак для ахвяраў хатняга гвалту, «Гендарныя пэрспэктывы» і Цэнтар «Яе правы» ды інш. Такім чынам, ахвяры гвалту засталіся ў Беларусі без абароны і падтрымкі. Праект для жанчын «Girl Power Bel» быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Рэпрэсіі, гвалт, жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне зь людзьмі ў Беларусі толькі ўзмацняецца, а сытуацыя з правамі чалавека — пагаршаецца. Гэта тычыцца і жанчын, падкрэсьліваюць праваабаронцы. У дачыненьні да затрыманых у Беларусі часта ўжываюць фізычную сілу, спэцсродкі, псыхалягічны ціск, пагрозы фізычнага і сэксуальнага гвалту, а таксама пагрозы адабраньня дзяцей ці прычыненьня шкоды блізкім. Умовы ўтрыманьня ў зьняволеньні значна пагаршаюць здароўе жанчын, пры гэтым мэдыцынскую дапамогу ім не забясьпечваюць, паведамляюць праваабаронцы.
Яшчэ ў 2023 годзе Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьвярнуўся ва Ўпраўленьне Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека і праінфармаваў яго пра вядомыя выпадкі катаваньняў і жорсткага, бесчалавечнага і зьневажальнага годнасьць абыходжаньня ў дачыненьні да жанчын. На той момант агулам былі задакумэнтаваныя гісторыі 193 жанчын. 37 жанчын паведамілі канкрэтныя абставіны фізычнага гвалту падчас затрыманьня і ўтрыманьня ў камэрах.
Паводле праваабаронцаў, калі жанчыны ўзгадваюць пра затрыманьне, яны паведамляюць пра зьбіцьцё міліцэйскім дручком па нагах, зьбіцьцё ў становішчы лежачы на зямлі. Адной з жанчын у час зьбіцьця супрацоўнік АМАПу казаў: «Гэта табе за камяні, гэта табе за кактэйлі Молатава, я навучу цябе жыць, я навучу цябе грошы атрымліваць», зьвяртаўся да яе ў множным ліку «сучыныя дзеці». Дзевяць жанчын распавялі пра ўжываньне пагрозаў сэксуальным гвалтам.
Праваабаронцы «Вясны» пастаянна атрымліваюць зьвесткі пра новыя выпадкі рэпрэсіяў і бесчалавечных адносінаў адміністрацыі гомельскай і зарачанскай жаночых калёніяў у дачыненьні да зьняволеных. Яшчэ ў пачатку сакавіка 2023 году ў гомельскай папраўчай калёніі № 4 узмацніўся ціск на зьняволеных жанчын: часта сталі праводзіць ператрусы і допыты. Жанчыны даўно не атрымліваюць лісты, аднак паведамляецца, што іх у калёніі выклікаюць на допыты празь лісты (у тым ліку і старыя), якія яны атрымалі. Асобы, якія вядуць допыт, спрабуюць даведацца, кім ім даводзяцца людзі, якія дасылаюць лісты. Палітзьняволеныя ўвесь час сутыкаюцца з псыхалягічным ціскам з боку супрацоўнікаў калёніі.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, у гомельскай жаночай калёніі № 4 існуе шмат пакараньняў, якія зьневажаюць чалавечыя гонар і годнасьць. Адно з такіх — зьмяшчэньне палітзьняволеных у так званую «клетку», якая знаходзіцца на вуліцы паміж жылой і вытворчай зонамі.
Увесь час знаходжання ў калёніі № 24 у Зарэччы жанчын рэгулярна зьмяшчаюць у штрафны ізалятар, у якім, па словах былых зьняволеных, нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня, паведамляюць праваабаронцы.
Палітзьняволеных пазбаўляюць спатканьняў, перадач, а таксама зьнішчаюць лісты ад сваякоў. «Вясна» распавядала, у якіх умовах утрымліваюць палітзьняволеных жанчын у калёніі для «рэцыдывістак», хто адказвае за ціск на іх, і як улады працягваюць перасьледаваць ужо асуджаных жанчын.
Паводле зьвестак «Вясны», супрацоўнікі зарачанскай калёніі зьбівалі палітзьняволеную Вікторыю Кульшу, а празь некалькі галадовак у яе двойчы здараўся сардэчны прыступ. Пра зьбіваньні ў гэтай калёніі на судзе заяўляла і палітзьняволеная актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк. Паводле Паліны, у яе быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не падманвайце сябе ўзростам, адукацыяй або паходжаньнем». Сёньня — міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчынГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гвалт супраць жанчын: злачынства, якое ня ведае межаў