Як адзначаецца ў апублікаваным расьсьледаваньні БРЦ, кіраўніцтва або ўласьнікі гэтых беларускіх кампаній зьвязаныя з атачэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
У прыватнасьці, журналісты БРЦ знайшлі ў пастаўках беларускіх кампаній мікрасхемы амэрыканскай кампаніі Intel.
ТАА «Алексвіт лтд» зь верасьня 2022 году па чэрвень 2023-га адправіла ў Расею 131 мікрасхему амэрыканскага, фінскага і нямецкага паходжаньня. З канца 2021 году ўласьнікам кампаніі зьяўляецца Сяргей Барысюк — колішні намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі, ён таксама ўваходзіў у экспэртную раду пры Мытным камітэце і ачольваў Асацыяцыю мытных прадстаўнікоў Беларусі. Як высьветлілі расьсьледнікі БРЦ, кампанія мае сувязь з экс-кіраўніком спраў прэзыдэнта Віктарам Шэйманам.
Паводле БРЦ, ТАА «Лягістычная кампанія Ўсход» прадала ў Расею больш за 1,5 тысячы мікрасхем амэрыканскай вытворчасьці зь сьнежня 2022 па сакавік 2023 году, а ўсяго за гэты час кампанія экспартавала ў Расею больш за 215 тысяч мікрасхем амаль на 800 тысяч даляраў. Уласьнік кампаніі — Аляксей Мацьвееў. Паводле зьвестак расьсьледнікаў, ён як мінімум у 2017–2019 гадах працаваў у Беларускай тэніснай фэдэрацыі, калі яе ачольваў бізнэсовец Сяргей Цяцерын, які знаходзіцца пад эўрапейскімі санкцыямі як чалавек з атачэньня Лукашэнкі. У 1990-я Цяцерын быў ягоным трэнэрам па тэнісе, пазьней стаў першым намесьнікам міністра спорту і турызму, а яшчэ пазьней — памочнікам Лукашэнкі ў тых жа пытаньнях.
У ланцужках паставак санкцыйных мікрасхем БРЦ знайшоў фірмы, якія маюць сувязі і зь іншымі набліжанымі да Лукашэнкі бізнэсоўцамі, у тым ліку Аляксандрам Шакуціным (уласьнік холдынгу «Амкадор». — РС), а таксама з Аляксандрам Зайцавым, колішнім памочнікам сына Лукашэнкі Віктара.