Трынаццаць кандыдатаў змагаюцца за пасаду прэзыдэнта Румыніі. Галасаваньне, як чакаецца, адным турам не завершыцца. Другі тур, калі ніхто з кандыдатаў не набярэ 50% ужо ў першым, прызначаць на 8 сьнежня.
Выбарчыя ўчасткі адкрыліся, а 7.00 раніцы па мясцовым часе і зачыняцца, а 21.00. Румыны за мяжой маглі галасаваць ужо зь пятніцы, піша AP.
Галасаваньне можа прывесьці да таго, што Джорджэ Сыміён, лідэр ультраправага Альянсу за адзінства румынаў, або AUR, застанецца супрацьстаяць дзейнаму прэм’ер-міністру Марчэлу Чалаку, якога падтрымлівае найбуйнейшая палітычная сіла Румыніі — Сацыял-дэмакратычная партыя або PSD.
Прэзыдэнцкая пасада прадугледжвае пяцігадовы тэрмін і значныя паўнамоцтвы ў прыняцьці рашэньняў у такіх сфэрах, як нацыянальная бясьпека, зьнешняя палітыка і прызначэньне судзьдзяў.
1 сьнежня ў Румыніі таксама адбудуцца парлямэнцкія выбары, якія вызначаць наступны ўрад і прэм’ер-міністра краіны.
38-гадовы Сыміён актыўна падтрымлівае абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і доўгі час быў супярэчлівай постацьцю. Ён агітаваў за ўзьяднаньне з Малдовай, якая сёлета аднавіла пяцігадовую забарону на яго ўезд у краіну зь меркаваньняў бясьпекі. З той жа прычыны Сыміёну забаронены ўезд у суседнюю Ўкраіну.
«Я хацеў бы, каб у бліжэйшыя пяць-дзесяць гадоў румыны сапраўды ганарыліся тым, што яны румыны, прасоўвалі румынскую культуру, румынскія прадукты», — сказаў ён журналістам у сераду ў сталіцы Бухарэсьце.
«Як прэзыдэнт Румыніі я буду прасоўваць румынскія інтарэсы. У большасьці выпадкаў румынскія інтарэсы супадаюць з інтарэсамі партнэраў», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі дэпутат ад партыі Зяленскага, абвінавачаны ў карупцыі, папрасіў прытулку ў РумынііКрыстыян Андрэі, палітычны дарадца з Бухарэсту, адзначае, што нядзельнае галасаваньне будзе «напружанай гонкай», у якой дыяспара, падобна, будзе адыгрываць ключавую ролю ў выбары кандыдатаў у другі тур.
«Мы знаходзімся ў тым пункце, калі Румынія можа лёгка адысьці ці скаціцца да папулісцкага рэжыму, бо незадаволенасьць выбарцаў даволі вялікая сярод многіх людзей з усіх сацыяльных слаёў», — сказаў ён агенцтву Associated Press. Ён мяркуе, што ў такіх умовах любы лідэр пойдзе папулісцкім шляхам. Ён дадаў, што гэтаму могуць паспрыяць вялікі дэфіцыт бюджэту Румыніі, высокая інфляцыя і запаволеньне эканомікі.
Чалаку сказаў агенцтву AP, што ў выпадку абраньня адной зь яго галоўных мэтаў будзе «пераканаць румынаў, што варта застацца дома або вярнуцца» ў Румынію, якая мае масіўную дыяспару ў краінах ЭЗ.
«Румынія мае велізарны шанец стаць краінай з разьвітой эканомікай бліжэйшымі 10 гадамі, дзе сумленная праца справядліва ўзнагароджваецца, а людзі маюць бясьпеку лепшага жыцьця», — сказаў ён.
«Але для гэтага нам патрэбны балянс і адказнасьць… Я выстаўляю сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Румыніі, бо нам патрэбныя зьмены», — так Чалаку матываваў сваё рашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трансфэгэраская шаша ў Румыніі: як боязь савецкага ўварваньня натхніла на «найлепшую дарогу ў сьвеце»Сярод іншых заўважных кандыдатаў — Алена Лясконі з партыі Саюз выратаваньня Румыніі, або USR; былы намесьнік генэральнага сакратара NATO Мірча Джаанэ, які балятуецца самастойна; і Нікалае Чука, былы генэрал арміі і кіраўнік правацэнтрысцкай Нацыянальна-лібэральнай партыі, якая цяпер у шчыльнай кааліцыі з PSD.
Джаанэ, былы міністар замежных спраў і амбасадар у ЗША, сказаў агенцтву AP, што лічыць свой міжнародны досьвед карысным, і гэта робіць яго выгаднейшым за іншых кандыдатаў.
Лясконі, былая журналістка, сказала, што лічыць хабарніцтва адной з самых вялікіх праблемаў, зь якімі сутыкаецца Румынія. Яна падтрымлівае павелічэньне выдаткаў на абарону і працяг дапамогі Ўкраіне.
Румынія — хаўрусьніца разбуранай вайной Украіны з таго часу, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ў лютым 2022 году. Але Сыміён з партыі AUR, якая даўно лічыцца прарасейскай, заявіў, што выступае супраць таго, каб Румынія, якая накіравала ва Ўкраіну ракетную сыстэму Patriot, аказвала далейшую вайсковую дапамогу. Ён спадзяецца, што Трамп зможа «спыніць вайну». Сам Сыміён называе сваю партыю «свайго роду трампісцкай».
Да 2020 году партыя AUR была малапапулярнай. Але затым набрала 9% на парлямэнцкіх выбарах, што дазволіла ёй атрымаць мандаты. Праціўнікі доўгі час абвінавачвалі Сыміёна і AUR у экстрэмізьме, абвінавачваньні ён адмаўляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Румыніі знайшлі абломкі расейскага дрона. У NATO назвалі інцыдэнт «патэнцыйна небясьпечным»