Сьнегапад на Магілёўшчыне пакінуў 60 вёсак і 10 фэрмаў без электрычнасьці

Сьнег у Магілёўскай вобласьці 23 лістапада 2024

На ўсходзе Беларусі змагаюцца з наступствамі сьнегападу, які пачаўся ў пятніцу 22 лістапада.

У Магілёўскай вобласьці з-за неспрыяльных умоў надвор’я больш за 50 населеных пунктаў застаюцца без электразабесьпячэньня, энэргетыкі і ратавальнікі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, паведамляе МНС Беларусі.

Цягам сутак парушэньні электразабесьпячэньня закранулі 60 населеных пунктаў, дзесяць фэрмаў і дзве кацельні ў Краснапольскім і Хоцімскім раёнах.

Па стане на 7.00 суботы без электрычнасьці заставаліся 54 населеныя пункты ў чатырох раёнах Магілёўскай вобласьці: 23 у Клімавіцкім, 6 у Касцюковіцкім, 15 у Хоцімскім і 10 у Краснапольскім раёнах. Таксама абясточаны восем фэрмаў: адна ў Клімавіцкім і сем у Хоцімскім раёнах.

Ратавальнікі МНС чатыры разы выяжджалі на буксіроўку аўтамабіляў у Мсьціслаўскім, Слаўгарадскім, Быхаўскім і Кіраўскім раёнах. Таксама быў адзін выезд на ўборку дрэва, якое ўпала ў Хоцімскім раёне.

Цяпер энэргетыкі «Магілёўэнэрга» і камунальныя службы вядуць работы па аднаўленні электразабесьпячэньня і ўборцы сьнегу. Яны задзейнічалі 25 аварыйных брыгад.