Ва Ўзброеныя сілы Беларусі восеньню прызвалі 8 тысяч чалавек

Прызыўнікі ў Беларусі. Архіўнае фота

Раней улады зьнізілі патрабаваньні да стану здароўя прызыўнікоў.

Па выніках восеньскай прызыўной кампаніі шэрагі Ўзброеных сіл Беларусі папоўнілі больш за 8 тысяч маладых людзей, паведаміў журналістам 23 лістапада міністар абароны Віктар Хрэнін.

Паводле інфармацыі прэс-службы ваеннага ведамства, міністар прысутнічаў на цырымоніі прыняцьця прысягі навабранцамі 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў (мястэчка Печы ў Барысаве, Менская вобласьць).

«Праблема недаўкамплектаванасьці, якая існавала пэўны час ва Ўзброеных сілах, вось ужо два гады як вырашаная», — сказаў Хрэнін.

У Беларусі штогод праходзяць два прызывы — восеньскі і вясновы.

У пачатку 2023 года былі зьніжаныя патрабаваньні да стану здароўя грамадзян, якія прымяняюцца пры вызначэньні прыдатнасьці да праходжаньня воінскай службы.

У прыватнасьці, верхняя мяжа масы, пры якой грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спэцыяльных аперацый, была ўзнятая з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у памежную службу, а таксама спэцыяльныя міліцэйскія злучэньні і воінскія часьці.

Раней таксама не прыпісваліся да прызыўных участкаў і прызнаваліся непрыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзэрве ў мірны час людзі з блізарукасцю любога вока на адным з мэрыдыянаў 6-8 дыёптрый. Цяпер такія грамадзяне прызнаюцца абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзэрве. Як і раней, яны застаюцца прыдатнымі з абмежаваньнямі да службы па кантракце ў спэцыяльных злучэньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абвешчаны прызыў афіцэраў запасу. Указ падпісаў Лукашэнка