«Мы будзем працягваць гэтыя выпрабаваньні, у тым ліку ў баявых умовах, у залежнасьці ад сытуацыі і характару пагроз бясьпецы, якія ствараюцца для Расеі», — сказаў Пуцін 22 лістапада на сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства абароны і вайскова-прамысловага комплексу.
Тады ж Пуцін паведаміў, што Расея прыняла рашэньне аб сэрыйнай вытворчасьці балістычнай ракеты сярэдняй далёкасьці «Арэшнік», упершыню ўжытай супраць Украіны 21 лістапада.
21 лістапада Расея выкарыстала гіпэргукавую ракету пад назвай «Арэшнік» для ўдару па Ўкраіне, у прыватнасьці па горадзе Дняпро. Па словах Пуціна, гэта стала часткай адказу Масквы на ўдары Ўкраіны, якія ажыцьцяўляюцца з выкарыстаньнем амэрыканскіх ракет ATACMS і брытанскіх Storm Shadow. Папярэдне паведамлялася, што ЗША і Вялікая Брытанія дазволілі Кіеву выкарыстоўваць гэтыя сыстэмы для ўдараў па тэрыторыі Расеі.
Украінскія ўлады спачатку абвінавацілі Расею ў выкарыстаньні для гэтага ўдару міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты, але затым Пуцін заявіў, што гэта была новая ракета сярэдняй далёкасьці.
22 лістапада Пуцін таксама адзначыў, што гэтая ракета — зусім новая распрацоўка, а не мадэрнізацыя савецкай зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прапагандысцкі ўдар, дэманстрацыя магчымасьцяў». Экспэрты тлумачаць, навошта Расея выпусьціла па Ўкраіне балістычную ракету «Арэшнік»