Новы курс амэрыканскага даляра склаў 3,427 беларускага рубля.
Адзін эўра каштуе 3,5928 рубля, гэтая валюта таксама вырасла ў параўнаньні з папярэднім днём. Расейскі рубель патаньнеў: 3,3635 беларускага рубля за 100 расейскіх.
Замежная валюта пакрысе даражэе ўжо цягам тыдня. Папярэдні гістарычны максымум быў вызначаны 14 лістапада, калі курс даляра ЗША вырас да 3,3635 беларускага рубля.
На курсе беларускага рубля да даляра адбілася зьніжэньне расейскага, тлумачылі эканамісты, а таксама рост кошту даляра ў сьвеце. Абумоўлена гэта тым, што такое часта адбываецца на фоне няпэўнасьці. Цяперашнія прычыны — вайна Расеі супраць Украіны, нестабільнасьць на Блізкім Усходзе, а таксама карэктаваньне эканамічных прагнозаў у ЗША, а менавіта зьвестак аб працоўным рынку.
Без уліку дэнамінацый 1994, 2000 і 2016 гадоў курс даляра складае 338 000 000 рублёў. Па ступені абясцэньваньня нацыянальнай валюты да амэрыканскага даляра (з 1991 году) Беларусь застаецца лідэрам сярод былых рэспублік СССР, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз валютных курсаў без уліку грашовых рэформаў.