У судзе Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску 29 лістапада будуць разглядаць чарговую крымінальную справу супраць блогера ютуб-канала «Шэры кот» Зьмітра Казлова. Пры гэтым 28 лістапада, за дзень да суду, у палітвязьня канчаецца тэрмін зьняволеньня і ён мусіў бы выйсьці на волю з бабруйскай калёніі №2. Аднак з калёніі, падобна, яго адразу перавядуць у СІЗА, паведамляе «Вясна».
Гэтым разам Зьмітра абвінавачваюць паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі»). Справу будзе разглядаць судзьдзя Павал Карцінін. Зьмітру пагражае да 2 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. У зьняволеньні палітвязьня ўтрымліваюць амаль 4,5 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 лістапада: у Докшыцах за «экстрэмізм» судзяць «найлепшага работніка сыстэмы электраэнэргетыкі» раёнуПалітзьняволенага краязнаўцу асудзілі на пазбаўленьне волі
Былы супрацоўнік Веткаўскага музея старавераў і беларускіх традыцый імя Шклярава, экскурсавод Аляксандар Нікіцін быў асуджаны на пазбаўленьне волі па абвінавачаньні ва ўдзеле ў мірных сходах, паведамляюць праваабаронцы. Яго пакаралі яшчэ ў верасьні ў судзе Чыгуначнага раёну Гомля паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Cправу разглядаў судзьдзя Дзяніс Кузянёк. Дакладны тэрмін, які прысудзілі Нікіціну, невядомы. Аляксандра называлі «легендай Веткаўскага музея», «любімым экскурсаводам». Ён захапляўся краязнаўствам яшчэ зь юнацтва, любіў бываць у экспэдыцыях і зьбіраць старадаўнія рэчы. Некаторыя нават выкупляў за ўласныя грошы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 лістапада: у Менску за ўдзел у пратэстах судзяць адразу чатыры сям’і