У Беларусі папярэдзілі пра пагаршэньне ўмоў надвор’я: галалёдзіца і моцны сьнег

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі 22 лістапада абвясьцілі жоўты ўзровень небясьпекі.

Жоўты ўзровень небясьпекі азначае, што ў асобных раёнах краіны чакаюцца неспрыяльныя мэтэаралягічныя зьявы, звычайныя для тэрыторыі краіны, але якія могуць быць небясьпечнымі для асобных відаў сацыяльна-эканамічнай дзейнасьці.

У Белгідрамэце паведамілі, што на асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Днём месцамі на паўднёвым усходзе Беларусі — моцны сьнег, мокры сьнег, наліпаньне мокрага сьнегу. Тэмпература паветра −2, +3°C.’, вецер паўднёвы 4-9 м/с, парывы да 14 мэтраў на секунду.

У Міністэрстве надзвычайных сытуацый Беларусі папярэдзілі, што праз пагаршэньне ўмоў надвор’я магчымыя пашкоджаньне ці абрыў ліній сувязі і электраперадач, падзеньне дрэў, зьніжэньне бачнасьці і ўскладненьне руху транспарту, павелічэньне колькасьці дарожна-транспартных здарэньняў і рызык траўматызму насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МНС Беларусі расказала аб наступствах непагадзі ў выходныя і папярэдзіла пра кепскі прагноз на панядзелак