Нягледзячы на рост цэнаў у кастрычніку, інфляцыя ў Беларусі застаецца «дастаткова нізкай» ва ўмовах спажывецкага попыту і росту выдаткаў (асабліва на аплату працы), які склаўся ў эканоміцы краіны, заявіў на брыфінгу 21 лістапада старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык, піша «Позірк».
Паводле яго, сёлета ўлады Беларусі «неахвотна ішлі на павышэньне рэгуляваных цэнаў», верагодна, імкнучыся «не дапусьціць выхаду інфляцыі за межы плянавых 6%».
«У астатнія месяцы [2024 году] гадавая інфляцыя захаваецца ў дыяпазоне 5,5–6%, але ўпэўненасьць у гэтым крыху зьнізілася з прычыны прыняцьця МАРГ рашэньня аб абмежаваньні росту цэнаў у лістападзе — сьнежні. Яно эканамічна ня мае ніякага абгрунтаваньня і неабходнасьці, таму што і безь яго інфляцыя склалася б у межах 5,5–6%. Пры гэтым яна рухалася б бліжэй да першай, а не другой велічыні», — прагназуе прадстаўнік BEROC.
На яго думку, прыняцьце гэтага рашэньня МАРГ, хутчэй за ўсё, носіць «чыста бюракратычны характар», аднак, калі яно будзе рэалізавана, гэта дазволіць уладам утрымаць рост цэнаў на ўзроўні 4%.
«Шчыра кажучы, мэханізм яго рэалізацыі на практыцы мне цяжка ўявіць. Ну, можа, проста не ўзгадняць рост цэнаў усім павальна. Навошта гэта рабіць — складана сказаць, таму што гэта толькі прывядзе да павелічэньня інфляцыйнага навесу», — лічыць экспэрт.
У наступным годзе ў базавым сцэнары інфляцыя чакаецца ў дыяпазоне 6–8%, прагназуе экспэрт BEROC.
Раней Эўразійскі банк разьвіцьця асноўным фактарам росту цэнаў у Беларусі назваў падаражэньне нерэгуляваных паслуг, абумоўленае «істотным павелічэньнем затрат на аплату працы і высокім узроўнем спажывецкага попыту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штучна напампоўваць заробкі пад выбары няма ні магчымасьці, ні патрэбы, — эканаміст Крук- Паводле зьвестак Белстату, спажывецкія цэны ў кастрычніку 2024 году вырасьлі на 0,5%, з пачатку 2024 году — на 4,3%, за 12 месяцаў (кастрычнік 2023 да кастрычніка 2024 году) — на 5,9%.
- Цэны на садавіна-гароднінную прадукцыю (сэзонныя тавары) у кастрычніку вырасьлі на 11% (у верасьні — на 14,9%, у жніўні — на 18,9%), вынікае з апублікаванага Нацбанкам агляду інфляцыйных працэсаў.
- Базавая інфляцыя (ня ўлічвае сэзонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта мяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай пэрспэктыве або цэны на якія рэгулююцца дзяржавай) у кастрычніку склала 5,3%.
- Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы ў кастрычніку вырасьлі на 5,9%.
- Згодна з прагнозамі беларускіх уладаў, інфляцыя ў Беларусі ў 2024 годзе не павінна перавысіць 6%. Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост цэн у Беларусі па выніках 2024 году складзе 6%, Эўразійскі банк разьвіцьця — 8%, Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця — 5,8%.
- У 2023 годзе цэны ў Беларусі вырасьлі на 5,8%.