Кембрыдзкі слоўнік абвясьціў словам 2024 году «manifest». Гэтае слова ў ангельскай мове сёлета набыло новае значэньне «ўявіць дасягненьне жаданага, верачы ў тое, што гэта павысіць імавернасьць яго ажыцьцяўленьня».
Частотнасьць яго ўжываньня значна павысілася, калі поп-зорка Дуа Ліпа і гімнастка Сымон Байлз расказалі аб «маніфэстацыі» свайго посьпеху з дапамогай візуалізацыі і афірмацый. Тэрмін, які набраў папулярнасьць у TikTok і іншых сацыяльных сетках, быў прагледжаны амаль 130 тысяч разоў на вэб-сайце Cambridge Dictionary сёлета, піша DPA.
Рэдактары заявілі, што гэта зрабіла яго адным з самых прагляданых слоў 2024 году. Уэндалін Нікалз, выдавецкая мэнэджарка Кембрыдзкага слоўніка, сказала, што слова manifest «прыкметна павялічылася ў пошуку» ў гэтым годзе.
«Яго выкарыстаньне значна пашырылася ва ўсіх тыпах мэдыя праз падзеі 2024 году, і гэта паказвае, як значэньні слова могуць мяняцца з часам», — сказала яна.
Доктар Сандэр ван дэр Ліндэн, аўтар кнігі «Псыхалёгія дэзынфармацыі» і прафэсар сацыяльнай псыхалёгіі ў Кембрыдзкім унівэрсытэце, папярэдзіў, што ідэя маніфэстацыі посьпеху ня мае навуковай абгрунтаванасьці.
«Маніфэстацыя — гэта тое, што псыхолягі называюць „магічным мысленьнем“ або агульнай ілюзіяй, што пэўныя мэнтальныя рытуалы могуць зьмяніць сьвет вакол нас, — сказаў ён. — Аднак вельмі важна разумець розьніцу паміж сілай пазытыўнага мысьленьня і зьмяненьнем рэальнасьці з дапамогай свайго розуму: першае карысна, тады як другое — ілжэнавука».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ПЭН і Радыё Свабода назвалі пераможцаў і ляўрэатаў прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру