Як паведаміла выданьне news.err.ee, адпаведны пісьмовы зварот беларусы перадалі кіраўніку Групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі ў Рыйгікогу (парлямэнт Эстоніі. — РС) з нагоды разгляду ў парлямэнце праекту закону аб пазбаўленьні права грамадзян Беларусі, якія жывуць у Эстоніі на падставе сталага дазволу на пражываньне, удзельнічаць у выбарах органаў мясцовага самакіраваньня.
У звароце адзначаецца, што такое атаясамліваньне «нэгатыўна адбіваецца на ўспрыманьні беларускай дыяспары ў эстонскім грамадзтве і стварае шматлікія праблемы ў іх жыцьці».
Прадстаўнікі беларускіх арганізацый адзначылі, што Беларусь знаходзіцца пад аўтарытарным рэжымам і дзейнічае як дзяржава-агрэсарка ў часе поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, але большасьць беларусаў не падтрымліваюць гэтыя дзеяньні ўладаў краіны.
«Лічым, што аўтаматычнае прыраўноўваньне грамадзян Беларусі ў Эстоніі да грамадзян Расеі ў большасьці выпадкаў неапраўданае. Яно не зьвяртае ўвагі на ўнікальныя аспэкты беларускай дыяспары ў Эстоніі, фактычна адмаўляючы ў існаваньні асобнай беларускай нацыі са сваёй дзяржаўнасьцю, гісторыяй і культурай, падтрымлівае шавіністычны міт пра „братэрскія народы“ (старэйшых і малодшых братоў). Такая эквівалентнасьць іграе на руку расейскай прапагандзе, фактычна залічваючы беларусаў да „русского мира“», — адзначаецца ў звароце.
Беларусы прапанавалі разьмежаваць законапраекты, у якіх уводзяцца абмежаваньні адначасова для грамадзян Беларусі і грамадзян Расеі. Паводле іх, цяперашняя сытуацыя прыводзіць да ўвядзеньня абмежаваньняў у правах, якія часта выходзяць за рамкі санкцый, ухваленых урадам Эстоніі датычна да беларускіх грамадзян — напрыклад, пры адкрыцьці банкаўскіх рахункаў, працаўладкаваньні або пошуку партнэраў для супрацоўніцтва.
У звароце падкрэсьлілі, што цяпер у Эстонію і краіны Эўразьвязу ўцякаюць ІТ-спэцыялісты, лекары, маладыя навукоўцы, а таксама прадстаўнікі навуковых колаў і бізнэсу, якія могуць прынесьці карысьць эстонскай эканоміцы.
«Мы лічым, што санкцыі павінны быць накіраваны непасрэдна супраць дыктатарскага рэжыму ў Беларусі, а не супраць грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Эстоніі. Эфэктыўныя меры ўключаюць, напрыклад, абмежаваньне гандлёвых патокаў, увядзеньне пэрсанальных санкцый супраць чыноўнікаў і іх сваякоў, а таксама падтрымку незалежных СМІ ў барацьбе з прапагандай», — заявілі беларускія арганізацыі.
20 лістапада Рыйгікогу Эстоніі падтрымаў у першым чытаньні праект закону, які прадугледжвае абмежаваньні для грамадзян трэціх краін, у тым ліку Беларусі і Расеі, на ўдзел у выбарах органаў мясцовага самакіраваньня.
Паводле ацэнак Асацыяцыі беларускіх арганізацый у Эстоніі, у гэатй краіне на сталай аснове жывуць ад 1000 да 2000 беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 1000 беларусаў разам з грамадзянамі іншых постсавецкіх краін могуць страціць выбарчае права ў Эстоніі