Офіс Ціханоўскай пракамэнтаваў экстрадыцыю Васіля Верамейчыка ў Беларусь

Васіль Верамейчык, архіўнае фота

Раней Літва забараніла былому каліноўцу ўезд у Эўразьвяз.

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай зрабіў заяву ў сувязі з экстрадыцыяй Васіля Верамейчыка зь Віетнаму.

«Экстрадыцыя Васіля Верамейчыка — прамыя наступствы рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, які працягвае перасьледваць апанэнтаў, выводзячы ўзровень рэпрэсій на міжнародны ўзровень. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай падкрэсьлівае патрэбу ўзмацненьня міжнародных мэханізмаў абароны правоў чалавека. Прычым абароны ня толькі беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій, але і тых, хто абараняе будучыню Эўропы, змагаючыся на баку Ўкраіны».

Офіс заклікаў міжнародную супольнасьць:

  • зьмяніць падыходы да разгляду спраў аб наданьні міжнароднай абароны, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставін кожнага асобнага выпадку;
  • разарваць супрацоўніцтва зь сілавымі структурамі Рэспублікі Беларусь;
  • прыпыніць двухбаковыя дамовы аб экстрадыцыі і прававой дапамозе з Рэспублікай Беларусь.

«Настойліва рэкамэндуем усім беларусам, якія знаходзяцца за межамі краіны, быць вельмі ўважлівымі і асьцярожнымі, улічваючы магчымыя дзеяньні спэцслужбаў рэжыму Лукашэнкі. Каб мінімізаваць рызыку эсктрадыцыі, зьвярайцеся да сайту pashpart.org і правярайце краіны, куды небясьпечна накіроўвацца беларусам, якія трапілі пад перасьлед рэжыму», — дадаў Офіс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога каліноўца Верамейчыка выдалі зь Віетнаму ў Беларусь

Напярэдадні стала вядома, што зь Віетнаму экстрадавалі грамадзяніна Беларусі Васіля Верамейчыка, былога ваяра палка Каліноўскага, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, а затым пераехаў ва Ўкраіну, дзе служыў намесьнікам камандзіра батальёну «Волат». У 2024 годзе, пасьля заканчэньня службы, Васіль быў выбраны ў Каардынацыйную раду і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх вэтэранаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Юрыстка пастараецца гэта абскардзіць». Беларуса, які прасіў прытулку ў Славаччыне, адправілі ў закрыты лягер