Беларуская журналістка Ганна Любакова атрымала прэмію Media Freedom Award

Ганна Любакова атрымлівае ўзнагароду

Падчас прамовы Ганна Любакова на цырымоніі ўручэньня прэміі ў Вашынгтоне расказала пра беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі, у тым ліку пра супрацоўніка Радыё Свабода Ігара Лосіка.

Цырымонія ўручэньня прэміі Media Freedom Award адбылася на штогадовай канфэрэнцыі «Свабода СМІ», якую ладзіць у Вашынгтоне міжнародная карпарацыя Transatlantic Leadership Network. Пра гэта Ганна Любакова напісала на сваёй старонцы ў Facebook.

Transatlantic Leadership Network адзначыла прэміяй беларуску Ганну Любакову, журналістаў і актывістаў Масіха Алінеджада (Іран), Яна Філіпа (Францыя), Стывэна Каліна (ЗША), прадпрымальніка і актывіста Джымі Лая, які са сьнежня 2021 году знаходзіцца ў ганконскай турме.

Любакова падкрэсьліла, што беларускія журналісты працягваюць працаваць, не зважаючы на рэпрэсіі, выгнаньне, цэнзуру і прапаганду. Яна таксама расказала пра беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі, у тым ліку пра супрацоўніка Радыё Свабода Ігара Лосіка.

Ганна Любакова таксама выступіла на канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэс-клюбе ў Вашынгтоне і падзялілася досьведам, як беларускія мэдыя працуюць унутры Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ уключыў у сьпіс «тэрарыстаў» 20 «аналітыкаў Ціханоўскай» і трох палітвязьняў. Сярод іх — аглядальнік Свабоды