Раніцай 18 лістапада на тэрыторыі памежнай заставы «Цярабунь» у Берасьцейскім раёне знойдзены труп вайскоўца з прыкметамі суіцыду, паведаміла прэс-служба Берасьцейскай памежнай групы.
«Радавы 2002 году нараджэньня быў прызваны ў красавіку 2024 году і праходзіў службу ў Берасьцейскай памежнай групе», — гаворыцца ў паведамленьні.
На месцы выяўленьня цела працуе сьледча-апэратыўная група, прычыны здарэньня высьвятляюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 19-гадовы салдат тэрміновай службы скончыў жыцьцё самагубствам на памежнай заставе каля Пінску- Гэта ня першы вядомы выпадак суіцыду ў беларускім войску сёлета. Так, сёлета 13 жніўня стала вядома, што 19-гадовы салдат тэрміновай службы скончыў жыцьцё самагубствам на памежнай заставе каля Пінску.
- 8 чэрвеня 2024 году на ўчастку заставы «Усава» (Горадзенскі раён, на сутыку межаў Беларусі, Літвы і Польшчы) было знойдзена цела малодшага сяржанта памежных войскаў «з прыкметамі суіцыду».
- У 2023 годзе таксама было некалькі выпадкаў суіцыду ў беларускім войску. Так, 11 сьнежня на тэрыторыі памежнай заставы «Роза Люксэмбург» Мазырскага памежнага атрада (Ельскі раён Гомельскай вобласьці) знайшлі цела вайскоўца 2003 году нараджэньня з прыкметамі суіцыду.
- 20 сакавіка 2023 году цела вайскоўца «з прыкметамі суіцыду» знайшлі ў памяшканьні аддзяленьня памежнага кантролю «Высока-Літоўск» на беларуска-польскай мяжы.
- СМІ пісалі яшчэ пра два выпадкі суіцыду ў войску, якія афіцыйна не пацьвярджала Мінабароны: у ноч на 4 жніўня 2023 году ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры ў Печах (Барысаў, Менская вобласьць), паводле крыніцаў СМІ, застрэліўся салдат тэрміновай службы; а 10 красавіка ў Берасьці застрэліўся 20-гадовы вайсковец тэрміновай службы, які служыў у 38-й Берасьцейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе.