Супрацоўнікаў памежнай службы Беларусі могуць надзяліць правам здымаць адбіткі пальцаў у іншаземцаў пры іх уезьдзе ў Беларусь. Адпаведную прапанову Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК) падтрымалі дэпутаты, піша БЕЛТА.
Падчас паседжаньня сталых камісій Палаты прадстаўнікоў у нацыянальнай бясьпецы і па міжнародных справах на базе памежнай заставы «Каменны Лог» у ДПК прапанавалі пашырыць пералік дакумэнтаў, на падставе якіх грамадзяне могуць знаходзіцца ў памежнай зоне. Дэпутаты падтрымалі гэтую прапанову.
«У рамках узмацненьня нашых паўнамоцтваў у пляне забесьпячэньня памежнай бясьпекі мяркуецца, што супрацоўнікі памежнай службы будуць ажыцьцяўляць дактыляскапаваньне адносна пэўнай катэгорыі іншаземцаў пры іх уезьдзе ў Беларусь», — паведаміў начальнік юрыдычнага ўпраўленьня ДПК Андрэй Куксаў.
Паводле яго, цяпер беларускія памежнікі «праводзяць экспэрымэнт па гэтым пытаньні». У далейшым, калі ініцыятыву падтрымаюць дэпутаты і гэта прапішуць ў заканадаўстве, памежнікі надалей будуць выконваць гэтую функцыю — браць адбіткі пальцаў у іншаземцаў пры перасячэньні мяжы.
Падчас паседжаньня абмяркоўвалі праблемы ў сфэры заканадаўства па пытаньнях гарантаваньня памежнай бясьпекі. «Размова ішла ў тым ліку аб карэктаваньні заканадаўства ў кантэксьце тых выклікаў і пагрозаў, якія сёньня ўзьнікаюць. Гэта зьвязана з ваенна-палітычнай абстаноўкай, якая склалася на нашых рубяжах», — адзначыў Куксаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі зноў абвінаваціў польскіх сілавікоў у пабіцьці мігрантаў- Беларусаў нярэдка затрымліваюць з палітычных матываў пры вяртаньні з-за мяжы. Падставай можа стаць падпіска ці лайкі пад пастамі «экстрэмісцкіх» каналаў, данаты, дапамога палітвязьням і інш.
- З палітычных матываў у Беларусі затрымліваюць ня толькі беларусаў, але і замежнікаў. Паводле зьвестак праваабаронцаў, сама меней 59 замежных грамадзян фігуруюць у палітычных крымінальных справах у Беларусі, зь іх 30 прызнаныя палітвязьнямі.
- Пад палітычны крымінальны перасьлед у Беларусі ў апошнія гады трапілі грамадзяне Расеі, Швайцарыі, Польшчы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Латвіі, Швэцыі, Узбэкістану і Казахстану. Іх у Беларусі судзілі паводле артыкулаў «паклёп на Лукашэнку» (арт. 367 КК), «абраза Лукашэнкі» (арт. 368), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369), «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342), «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370), «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4), «распальваньне варожасьці» (арт. 130), «хуліганства» (арт. 339), «апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці» (арт. 341), «незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці» (арт 179), а таксама паводле артыкулаў «агентурная дзейнасьць» (арт. 358-1 КК) і «шпіянаж» (арт. 358).