У Турэччыне зьніклі дзьве беларускія альпіністкі

Горы ў Турэччыне, архіўнае фота

Пачалася пошукавая апэрацыя.

У Турэччыне пачалі шукаць дзьвюх беларускіх альпіністак — сясьцёр Валянціну і Марыю Іванковых, якія зьніклі ў раёне горнага хрыбта Аладаглар каля населенага пункту Чамарды ў цэнтральнай частцы краіны. Пра гэта паведаміла 19 лістапада мясцовае выданьне Haberturk. Пазьней інфармацыю пра зьнікненьне дзьвюх грамадзянак Беларусі ў гарах Турэччыны пацьвердзілі ў МЗС Беларусі.

Паводле інфармацыі мэдыя, 16 лістапада сёстры адправіліся ў паход у Нацыянальны парк Ёдыгёлер, празь некаторы час сувязь зь імі перарвалася.

У рэгіён накіравалі пошукавыя групы ўправы надзвычайных сытуацый і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедзтваў МУС Турэччыны, а таксама жандармэрыі.

Пошукава-ратавальныя работы вядуцца як з паветра, так і зь зямлі.

«Беларускія дыпляматы знаходзяцца ў пастаянным кантакце з кампэтэнтнымі органамі Турэччыны і іншымі зацікаўленымі. Цяпер вядуцца пошукава-выратавальныя работы. Робіцца ўсё магчымае, задзейнічаныя ўсе даступныя рэсурсы», — заявілі ў МЗС Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарнагорскія СМІ: урад вырашыў увесьці візы для беларусаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трансфэгэраская шаша ў Румыніі: як боязь савецкага ўварваньня натхніла на «найлепшую дарогу ў сьвеце»