Лідэры краін G20 заявілі аб падтрымцы «любых канструктыўных ініцыятыў» для спыненьня вайны ва Ўкраіне

Сёлета сустрэчы G20 праходзяць у Бразыліі

Лідэры краін G20 падкрэсьлілі, што ўсе бакі павінны выконваць свае абавязкі перад міжнародным правам, уключна з гуманітарным і ў галіне правоў чалавека, і асудзілі ўсе напады на цывільных і інфраструктуру.

Лідэры краін G20 ухвалілі дэклярацыю па выніках свайго саміту, у якой згадалі пра наступствы ваенных канфліктаў ва Ўкраіне і на Блізкім Усходзе.

«Што тычыцца вайны ва Ўкраіне, згадваючы нашы дыскусіі ў Нью-Дэлі, мы падкрэсьліваем чалавечыя пакуты і дадатковыя нэгатыўныя наступствы вайны для глябальнай харчовай і энэргетычнай бясьпекі, ланцугоў паставак, макрафінансавай стабільнасьці, інфляцыі і росту. Мы вітаем усе адпаведныя і канструктыўныя ініцыятывы, якія падтрымліваюць усеабдымны, справядлівы і трывалы мір на аснове ўсіх мэтаў і прынцыпаў Статуту ААН для садзейнічаньня мірным, дружалюбным і добрасуседзкім адносінам паміж нацыямі», — адзначаецца ў дакумэнце.

Лідэры краін G20 падкрэсьлілі, што ўсе бакі павінны выконваць свае абавязкі перад міжнародным правам, уключна з гуманітарным і ў галіне правоў чалавека, і асудзілі ўсе напады на цывільных і інфраструктуру.

Ацэньваючы сытуацыю на Блізкім усходзе, лідэры краін G20 заявілі аб тэрміновай неабходнасьці павялічыць гуманітарную дапамогу насельніцтву сэктара Газа і Лібану.

«Пацьвярджаючы права палестынцаў на самавызначэньне, мы паўтараем нашу непахісную прыхільнасьць бачаньню двудзяржаўнага рашэньня, дзе Ізраіль і Палестынская дзяржава жывуць бок у бок у міры, у бясьпечных і прызнаных межах у адпаведнасьці зь міжнародным правам і адпаведнымі рэзалюцыямі ААН», — адзначаецца ў дэклярацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін не паехаў на саміт G-20 у Рыа. Што на парадку дня форуму

Агенцтва Reuters з спасылкай на ўдзельнікаў перамоў паведаміла, што дыпляматам спатрэбіліся маратонскія перамовы ў мінулыя выходныя, каб падрыхтаваць супольную дэклярацыю, а дэбаты аб кліматычнай палітыцы зацягнуліся да раніцы нядзелі.

Як гаспадар сёлетніх сустрэч G20, Бразылія пашырыла ўвагу на беднасьць і голад і пачала дыскусію аб супрацоўніцтве ў мэтах справядлівага падаткаабкладаньня найбагацейшых у сьвеце.

Паводле агенцтва, у пытаньні Ўкраіны лідэры краін G20 змаглі дасягнуць «вузкага кансэнсусу», бо засяродзіліся на «чалавечых пакутах» і эканамічных наступствах канфлікту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея актывізавала ўдары па Сумскай вобласьці. Уначы ў Глухаве загінулі 12 чалавек