СМІ: пакуль незразумела, ці дазволеныя ўдары па РФ ракетамі Storm Shadow

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна пакуль афіцыйна не пацьвярджала паведамленьні СМІ, якія зьявіліся напярэдадні са спасылкай на крыніцы аб тым, што яна зьняла або істотна аслабіла абмежаваньні для Ўкраіны на ўдары па расейскай тэрыторыі амэрыканскай дальнабойнай зброяй.

Выданьні, якія паведамляюць пра гэта — Reuters, AP, New York Times, Washington Post і іншыя — сыходзяцца на тым, што рашэньне, якое азначае зьмену афіцыйнай палітыкі ЗША ў пытаньні аб ударах дальнабойнай зброяй, сапраўды было прынятае. Яны, аднак, разыходзяцца ў дэталях, якія важныя для ацэнкі магчымых наступстваў прынятага рашэньня.

У прыватнасьці, пакуль незразумела, ці зьнятыя абмежаваньні толькі на выкарыстаньне амэрыканскіх ATACMS з радыюсам дзеяньня да 300 км, ці таксама брытанскіх і францускіх ракет — Storm Shadow і SCALP — з большай далёкасьцю. Газэта Le Figaro, якая паведаміла напярэдадні, што Вялікая Брытанія і Францыя разам з ЗША зьнялі абмежаваньні для Ўкраіны, раніцай у панядзелак адрэдагавала свой матэрыял. У ім цяпер гаворыцца толькі пра тое, што такая магчымасьць разглядаецца.

Кіраўнік МЗС Францыі Жан-Наэль Баро ў панядзелак заявіў, што Францыя разглядае магчымасьць даць Украіне дазвол на ўдары францускімі дальнабойнымі ракетамі па расейскай тэрыторыі. Пры гэтым, паводле яго слоў, у яго няма ніякай новай інфармацыі наконт гэтага.

Брытанская The Times, у сваю чаргу, піша, што ЗША па-ранейшаму могуць быць супраць выкарыстаньня Storm Shadow у адносінах да аб’ектаў у глыбіні расейскай тэрыторыі. Раней паведамлялася, што афіцыйныя Лёндан і Парыж спрабуюць пераканаць адміністрацыю ЗША ў неабходнасьці зьняць абмежаваньні.

Афіцыйны прадстаўнік кабінэту міністраў Нямеччыны ў панядзелак заявіў, што ўлады ЗША праінфармавалі Бэрлін аб прынятым рашэньні дазволіць Украіне дальнабойныя ўдары па Расеі. Падрабязнасьцяў ён не прывёў. Пра зьмену пазыцыі Бэрліну адносна паставак Кіеву дальнабойных ракет Taurus не паведамляецца.

Таксама не зусім ясна, ці адносіцца дадзены адміністрацыяй Джо Байдэна дазвол на дальнабойныя ўдары толькі да Курскай вобласьці — пра гэта пішуць, у прыватнасьці, The New York Times і Axios — або і да іншых рэгіёнаў Расеі. Большасьць СМІ, спасылаючыся на крыніцы, зьвязваюць дазвол ня толькі з імкненьнем адміністрацыі Джо Байдэна па магчымасьці ўмацаваць пазыцыі Ўкраіны перад прыходам у Белы дом Дональда Трампа, але ў першую чаргу з прыбыцьцём на фронт для ўдзелу ў вайне на баку Расеі тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.

Адзін з суразмоўцаў The Washington Post адзначыў, што ЗША імкнуцца даць сыгнал Пхэньяну, што адпраўка салдат на вайну з Украінай была памылкай. Суразмоўцы выданьня наўпрост кажуць, што хоць дазвол на дальнабойныя ўдары і дадзены, гаворка не ідзе аб «масіўным зруху» ў падыходзе адміністрацыі ЗША да вайны, а хутчэй аб тактычным кроку, зьвязаным з удзелам паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. The New York Times таксама піша, што цэлямі ракет ATACMS могуць стаць менавіта дысьлякаваныя ў Курскай вобласьці вайскоўцы КНДР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці могуць далёкабойныя ракеты ЗША зьмяніць ход вайны ва Ўкраіне? Аналіз Свабоды

Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава, рэагуючы на паведамленьні пра магчымае зьняцьце абмежаваньняў на дальнабойныя ўдары, заявіла, што пра гэта раней ужо выказваўся прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Той заяўляў, што такі дазвол будзе азначаць непасрэднае ўключэньне краін NATO ў вайну супраць Расеі, і абяцаў, што Масква прыме меры.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў таксама спаслаўся на словы Пуціна. Ён пры гэтым зазначыў, што калі рашэньне дазволіць удары ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расеі было прынятае, яно «азначае якасна новы віток напружанасьці з пункту гледжаньня ўцягнутасьці Злучаных Штатаў у канфлікт». Ён адзначыў, што пакуль афіцыйна пра дазвол абвешчана не было.

Украіна афіцыйна пакуль таксама не паведамляла аб атрыманьні дазволу на ўдары дальнабойнай зброяй па расейскай тэрыторыі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі згадаў у сваім вячэрнім звароце пра публікацыі СМІ на гэтую тэму, аднак зазначыў, што гаварыць павінны не публікацыі, а ракеты. Паводле яго слоў, яны «абавязкова гэта зробяць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адрэагаваў на дазвол Украіне наносіць удары замежнымі ракетамі па Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Францыі пракамэнтавала тэму дазволу Ўкраіне на ўдары заходняй зброяй углыб Расеі