Ужо сёньня: 240 гадоў з дня нараджэньня Міхала Баброўскага, 5 гадоў зь дня пахаваньня Кастуся Каліноўскага

Пахаваньне Кастуся Каліноўскага ў Вільні

Падзеі 19 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Даты дня

19 лістапада 1784 году, роўна 240 гадоў таму, нарадзіўся Міхал Баброўскі, славіст і ўсходазнавец, філёзаф, уніяцкі сьвятар, першы беларускі скарыназнаўца, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Баброўскі спрыяў узьнікненьню беларусазнаўства, адкрыў і апісаў «Супрасьлеўскі кодэкс», найбольш значны стараславянскі кананічны рукапіс.

Міхал Баброўскі

19 лістапада 2019 году, роўна пяць гадоў таму, у Вільні ў капліцы на могілках Росы ўрачыста пахавалі Кастуся Каліноўская, Зыгмунта Серакоўскага і іх паплечнікаў. На пахаваньне ў Вільню прыехалі тысячы беларусаў з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі. Пахаваньне ператварылася ў велічную працэсію-маніфэстацыю з Катэдральнага пляцу праз увесь Стары горад на могілкі Росы.

Каля катэдральнага сабору падчас цырымоніі адпяваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў у Вільні, 22 лістапада 2019 году.

Гэты дзень у гісторыі

1190 — падчас Трэцяга крыжовага паходу ў Палестыне быў заснаваны Тэўтонскі ордэн.

1918Янка Купала напісаў верш «Спадчына».

1962 — выйшла аповесьць Аляксандра Салжаніцына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча».

1982 — футбольны клюб «Дынама-Менск» - чэмпіён СССР.

1991 — створанае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН.

1995 — былы камуніст Аляксандар Квасьнеўскі перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы дзейнага прэзыдэнта Леха Валэнсу.

Аляксандар Квасьнеўскі

1996 — у Канстытуцыйны суд перададзеныя 73 дэпутацкія подпісы за імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку.

2020 — Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі.

2020 — арыштаваныя журналістка Кацярына Барысевіч і доктар Арцём Сарокін у справе аб пасьведчаньні аб сьмерці Рамана Бандарэнкі («нуль праміле»).

Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч на судзе над імі

У гэты дзень нарадзіліся

1842 Адам Банецкі, гісторык, дасьледнік геральдыкі й генэалёгіі на абшарах Рэчы Паспалітае, аўтар «Гербоўніка» ў 13 тамах.

1908Мікола Засім, беларускі паэт.

1915 Вадзім Жучкевіч, доктар геаграфічных навук, аўтар даведніка «Тапаніміка Беларусі».

1927Міхась Ракевіч, удзельнік паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, вязень ГУЛАГу.

1936Эрнэст Ялугін, пісьменьнік.

Эрнэст Ялугін

1996Юры Дземідовіч, сьпявак, удзельнік дзіцячага Эўрабачаньня («Волшебный кролік»).

У памяці

1557Бона Сфорца, польская каралева і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта І Старога. Бона Сфорца праводзіла палітыку збліжэньня Беларусі з Заходняй Эўропай. З ініцыятывы каралевы Боны была праведзеная вялікая аграрная рэформа.

Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца

1640 Крыштап Радзівіл, вайсковы і палітычны дзяяч ВКЛ.

1959 Мікалай Нікольскі, гісторык, усходазнаўца, біблеіст, акадэмік АН БССР.

1976 Станiслаў Ваўпшасаў, савецкі дывэрсант, адзін з арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі ў часы Другой сусьветнай вайны. У Менску яго імем названая вуліца.

1994 Антаніна Абрэмбская-Яблонская, заснавальніца польскай беларусістыкі, аўтарка першага «Падручнага польска-беларускага слоўніка».

2004 Юзэфа Найдзюк, дзяячка беларускага супраціву і эміграцыі.

2007 Язэп Сажыч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, у 1982–1997 гадах старшыня Рады БНР.

Язэп Сажыч

2008Алег Лойка, беларускі паэт, пісьменьнік і літаратуразнаўца.

2011 Валеры Раеўскі, тэатральны дзеяч, былы рэжысэр Купалаўскага тэатру.

Валерый Раеўскі

2020 Валеры Шкаруба, мастак.