Тым часам Злучаныя Штаты — галоўны саюзьнік Украіны ў гэтай вайне з Расеяй — абралі на пасаду наступнага прэзыдэнта Дональда Трампа, які крытыкаваў маштабную дапамогу Ўкраіне. Гэта выклікала асьцярогі, што будучая адсутнасьць падтрымкі з боку ЗША можа прымусіць Кіеў саступіць тэрыторыі ў абмен на мір, піша вашынгтонскі карэспандэнт Радыё Свабода Тод Прынс.
Акрамя таго, існуюць асьцярогі, што эўрапейскія партнэры Ўкраіны выглядаюць занадта разьяднанымі, каб запоўніць магчымую пустку, якую пакіне ЗША.
З пачаткам новага расейскага контранаступу расьце пагроза цяжкой зімы. Але цяпер Украіна, здаецца, атрымала адну з найбуйнейшых рэчаў, якіх патрабавала дзеля вайны. Паводле шэрагу амэрыканскіх СМІ, адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна нарэшце дала Кіеву дазвол на ўдары па тэрыторыі Расеі з выкарыстаньнем магутнай амэрыканскай далёкабойнай зброі.
«Гэта сыгнал Крамлю, што мы не зьбіраемся згортваць нашы лягеры і чакаць Трампа, што Злучаныя Штаты не здаліся», — сказаў у інтэрвію RFE/RL адстаўны генэрал-лейтэнант ЗША Бэн Ходжэс, які камандаваў сіламі ЗША ў Эўропе з 2014 па 2017 год.
Асьцярогі эскаляцыі
Гэтае рашэньне таксама адкрывае перад Вялікай Брытаніі і Францыі магчымасьць зрабіць аналягічны крок, які патэнцыйна дазволіць Украіне нанесьці ўдар па Расеі ў крытычны момант вайны.
Украіна імкнецца ўтрымліваць свае тэрытарыяльныя заваёвы ў Курскай вобласьці Расеі, якія могуць стаць вызначальнымі на любых будучых перамовах.
Кіеў месяцамі прасіў адміністрацыю Байдэна дазволіць глыбокія ўдары, каб разбураць аэрадромы, дзе базуюцца расейскія бамбавікі і зьнішчальнікі, якія тэрарызуюць Украіну.
На пачатку гэтага году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заяўляў, што Расея скідае на Ўкраіну да 3000 плянуючых бомбаў кожны месяц. Гэтыя бомбы нішчылі ўкраінскія сілы, бурылі інфраструктуру і адкрывалі шлях для захопу тэрыторый Масквой.
Адміністрацыя Байдэна, якая з пачатку вайны асьцярожна ставілася да перадачы Ўкраіне магутных сыстэм узбраеньня, раней адхіляла запыты Кіева, баючыся, што гэта можа справакаваць эскаляцыю з боку Расеі.
Адміністрацыя ЗША таксама заблякавала выдачу Вялікай Брытаніі дазволу на далёкія ўдары, бо ў яе крылатых ракетах Storm Shadow выкарыстоўваюцца і амэрыканскія дэталі.
Магчымы ўплыў на вайну
Вынік дазволу на ўдары ў глыбокі тыл Расеі залежыць ад колькасьці ракет ATACMS з далёкасьцю да 300 кілямэтраў і іншых далёкабойных ракет, якія атрымае Ўкраіна, а таксама ад абмежаваньняў на іх выкарыстаньне. Як паведамляюць, Украіне дазволена наносіць удары толькі па Курскай вобласьці.
Пасьля абвяшчэньня інфармацыі з адміністрацыі Байдэна француская газэта Le Figaro паведаміла, што Вялікая Брытанія і Францыя таксама дазволілі Ўкраіне выкарыстоўваць для ўдараў па Расеі ракеты Storm Shadow і SCALP. Гэта створыць ціск на Нямеччыну, якая пакуль адмаўляецца пастаўляць Украіне ракеты Taurus.
Калбі Бадвар, канадзкі аналітык па абароне, які шмат пісаў пра ATACMS, адзначыў, што ў Злучаных Штатаў было каля 2400 далёкабойных ракет на складзе па стане на сьнежань 2023 году, прыкладна палова зь іх былі пратэрмінаваныя. Ён дадаў, што за апошні год запасы папоўніліся больш як 500 ракетамі ATACMS, але Пэнтагон вагаецца наконт паставак іх у вялікіх колькасьцях.
Адстаўны генерал-лейтэнант Ходжэс заявіў, што пры дастатковай колькасьці ракет Украіна магла б аслабіць расейскі контранаступ у Курску.
«Вы можаце перамагчы масавыя сілы, калі ў вас ёсьць дастаткова дакладнай зброі, здольнай зьнішчаць штабы, лягістыку і артылерыю», — сказаў ён.
На пачатку гэтага году, калі чуткі пра магчымае выкарыстаньне ATACMS унутры Расеі ўзмацніліся, Крэмль пачаў перамяшчаць частку сваіх вайсковых аб’ектаў з зоны іх дасяжнасьці.
Бадвар адзначыў у сваім твіце, што ў зоне дасяжнасьці дагэтуль застаецца мноства расейскіх вайсковых аб’ектаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адрэагаваў на дазвол Украіне наносіць удары замежнымі ракетамі па РасеіПраблемы зь людзкімі рэсурсамі
Украіна сутыкаецца зь недахопам рэкрутаў, каб адбіваць няспынныя атакі расейскіх войскаў. Гэта застаецца асноўнай праблемай на полі бою. Хоць Расея страчвае да 1500 чалавек у дзень, яна ўсё яшчэ здольная папаўняць свае сілы.
Некаторыя экспэрты дапускалі, што адміністрацыя Байдэна, магчыма, турбавалася і наконт таго, што кампанія Трампа магла выкарыстаць пытаньне дазволу на далёкія ўдары, каб падагрэць страх шырэйшай вайны напярэдадні выбараў 5 лістапада. Трамп, ідучы ў прэзыдэнты, абяцаў скончыць вайну адразу пасьля прыходу да ўлады.
Рашэньне Белага дому дазволіць далёкія ўдары было прынята на наступны дзень пасьля таго, як Расея запусьціла па Ўкраіне 210 ракет і бесьпілётнікаў. Гэта стала адной з найбуйнейшых паветраных атак Расеі з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году.
Гэта адбылося ў той жа час, калі, паводле паведамленьняў, Расея накіравала для аднаўленьня кантролю над Курскай вобласьцю 50 тысяч салдат, у тым ліку тысячы вайскоўцаў з Паўночнай Карэі.
Вайсковыя аналітыкі выказалі здагадку, што Пуцін хоча вярнуць поўны кантроль над рэгіёнам да 20 студзеня, калі Трамп заступіць на пасаду, — каб умацаваць сваю пазыцыю на перамовах.
Аднак нават пасьпяховыя ўдары ATACMS ня здымуць галоўнай праблемы Ўкраіны на полі бою, зь якою ЗША і іх саюзьнікі па NATO ня могуць дапамагчы: гэта недахоп людзкіх рэсурсаў.
Украіна занадта позна актывізавала набор рэкрутаў, і цяпер ёй складана прыцягваць і рыхтаваць дастатковую колькасьць людзей, каб адбіваць няспынныя атакі расейскіх войскаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Францыі пракамэнтавала тэму дазволу Ўкраіне на ўдары заходняй зброяй углыб Расеі