У Сухумі прыхільнікі апазыцыі дэмантуюць агароджу вакол будынку адміністрацыі прэзыдэнта

Сухумі, 16 лістапада. Ілюстрацыйнае фота

У Сухумі ля будынку адміністрацыі прэзыдэнта самаабвешчанай рэспублікі Абхазія зьбіраюцца прыхільнікі апазыцыі. Каардынацыйная рада мае намер зрабіць шэраг заяваў па далейшых дзеяньнях, перадае тэлеграм-канал «Рэспубліка».

Пратэстоўцы пачалі дэмантаж агароджы вакол будынка адміністрацыі прэзыдэнта, парлямэнта і ўрада, якія былі занятыя імі 15 лістапада, паведамляе ТАСС.

Незадоўга да гэтага прэзыдэнт самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Аслан Бжанія назваў падзеі 15 лістапада спробай дзяржаўнага перавароту, перадае «Рэха Каўказа». Таксама Бжанія заявіў, што застаецца абраным прэзыдэнтам краіны. Паводле яго слоў, ён ня змог дасягнуць кампрамісу з апазыцыяй «ні па якіх пытаньнях».

Бжанія яшчэ раз заклікаў жыхароў рэспублікі «не паддавацца на правакацыі»: «Не прымайце ўдзел у незаконных і несанкцыянаваных мітынгах. Нам зараз гэта ня трэба. Зараз той час, калі мы павінны клапаціцца аб сваёй краіне, аб нашай Радзіме. Яна ў небясьпецы. І у такім складаным становішчы наша Радзіма апынулася ў выніку дзеяньняў людзей, якія здзейсьнілі спробу дзяржаўнага перавароту. Яшчэ не позна ўсё адыграць назад».

Раней Бжанія заявіў, што гатовы сысьці ў адстаўку, калі пратэстоўцы пакінуць урадавыя будынкі. Аб гэтым ён сказаў на сустрэчы з мясцовымі жыхарамі ў вёсцы Тамышы.

15 лістапада пратэстоўцы супраць інвэстыцыйнага пагадненьня з Расеяй зьнесьлі плот у парлямэнта і праніклі на яго тэрыторыю. Бліжэй да вечара яны пачалі штурмаваць будынак, дзе таксама разьмяшчаецца адміністрацыя прэзыдэнта.

Перад штурмам, калі пратэстоўцы пасьля зносу часткі плота прарваліся на тэрыторыю парлямэнта, пачаліся сутычкі паміж удзельнікамі акцыі і сілавікамі. Дэманстранты закідалі супрацоўнікаў паліцыі яйкамі і бутэлькамі.

Паведамлялася, што сілавікі прымянілі сьлёзацечны газ супраць пратэстоўцаў, а таксама закідалі іх дымавымі шашкамі.

Згодна з праектам інвэстыцыйнага пагадненьня паміж Сухумі і Масквой, расейскія кампаніі могуць рэалізоўваць свае інвэстыцыйныя праекты на тэрыторыі непрызнанай рэспублікі. Бакі падпісалі яго ў канцы кастрычніка 2024 года. Для ўступленьня ў сілу дакумэнт павінен быць ратыфікаваны. Дэпутаты павінны былі разгледзець яго 15 лістапада, але парлямэнт не зацьвердзіў парадак дня, і сэсія адмянілася.

  • Абхазія (за савецкім часам — аўтаномная рэспубліка ў складзе Грузіі) абвясьціла незалежнасьць пасьля вайны з Грузіяй у 1993 годзе. Тады незалежнасьць Абхазіі не прызналі ні Грузія, ні іншыя дзяржавы сьвету.
  • У 2008 годзе пасьля пяцідзённай расейска-грузінскай вайны незалежнасьць рэгіёну прызнала Расея і яшчэ чатыры дзяежавы: Вэнэсуэла, Науру, Нікарагуа і Сырыя.
  • Грузія лічыць сэпаратысцкія Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае Расею ў парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны, а сам факт прызнаньня незалежнасьці — часткай анэксіі Абхазіі, рэгіёна, які ААН прызнае часткай Грузіі.