Сама меней 12 украінцаў затрыманыя ў Беларусі па «экстрэмісцкіх» артыкулах, — Ігар Кізім

Ігар Кізім

Сама меней 12 грамадзян Украіны затрыманыя ў Беларусі паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, распавёў «Медиазоне» на форуме Астрожскіх былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, які зь лютага 2024 году займае пасаду амбасадара Ўкраіны па асобых даручэньнях па Беларусі.

Зь некаторымі з затрыманых украінцаў ужо сустракаўся ўкраінскі консул, адзначыў ён.

Паводле Ігара Кізіма, беларускі бок звычайна не паведамляе Ўкраіне пра затрыманьне яе грамадзян.

«Яны могуць патрапіць у сьпісы нашай амбасады толькі ў тым выпадку, калі захочуць самі, ці сваякі паведамяць. Часам мы бярэм інфармацыю ў праваабарончых арганізацыяў», — сказаў ён.

Ігар Кізім удакладніў таксама, што часта ўкраінцы, затрыманыя ў Беларусі, ужо шмат гадоў жывуць у краіне, маюць сем’і ў Беларусі і самі не жадаюць зьвяртацца да ўкраінскіх уладаў па дапамогу, у тым ліку зь меркаваньняў бясьпекі сваіх родных.

У камэнтары «Еўрарадыё» Ігар Кізім таксама зьвярнуў увагу, што Ўкраіна падтрымлівае адносіны з рэжымам Лукашэнкі ў гуманітарным напрамку — напрыклад, па абмене палоннымі.

«Мы павінны вызваляць сваіх грамадзян і людзей, якія пацярпелі праз жаданьне дапамагчы Ўкраіне, у тым ліку фінансавым чынам. Таму у нас ёсьць жаданьне ў гэтым напрамку падтрымліваць стасункі з рэжымам Лукашэнкі», — кажа дыплямат.

Форум Астрожскіх праходзіць 16-17 лістапада ў Кіеве. Ён накіраваны на тое, каб паспрыяць наладжваньню стасункаў паміж Украінай і беларускай дэмакратычнай супольнасьцю як на палітычным, так і на экспэртным узроўнях. У ім бяруць удзел беларускія і ўкраінскія палітыкі, актывісты, экспэрты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сама меней 59 іншаземцаў сталі фігурантамі палітычных крымінальных справаў у Беларусі за апошнія гады
  • Паводле праваабаронцаў, сама меней 59 замежных грамадзян фігуруюць у палітычных крымінальных справах у Беларусі, зь іх 30 прызнаныя палітвязьнямі.
  • Пад палітычны крымінальны перасьлед у Беларусі ў апошнія гады трапілі грамадзяне Расеі, Швайцарыі, Польшчы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Латвіі, Швэцыі, Узбэкістану і Казахстану. Іх у Беларусі судзілі паводле артыкулаў «паклёп на Лукашэнку» (арт. 367 КК), «абраза Лукашэнкі» (арт. 368), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369), «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342), «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370), «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4), «распальваньне варожасьці» (арт. 130), «хуліганства» (арт. 339), «апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці» (арт. 341), «незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці» (арт 179), а таксама паводле артыкулаў «агентурная дзейнасьць» (арт. 358-1 КК) і «шпіянаж» (арт. 358).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Японца і двух украінцаў, якіх у Беларусі абвінавачваюць у шпіянажы, прызналі палітвязьнямі