Вэрбаваньне добраахвотнікаў для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне вядзецца рэкорднымі тэмпамі. Пра гэта сьведчаць зьвесткі Цэнтрабанку пра крэдытныя канікулы вайскоўцам, на якія зьвярнула ўвагу «Медиазона».
Статыстыка крэдытных канікулаў адлюстроўвае колькасьць людзей, якім адтэрмінавалі тэрмін выплаты крэдыту. Але такую адтэрміноўку нельга атрымаць на крэдыт, атрыманы да адпраўкі на фронт.
Толькі зь ліпеня па верасень 2024 году банкі за тры месяцы аформілі 54,2 тысячы новых крэдытных канікулаў для ўдзельнікаў ўварваньня ва Ўкраіну (уключаючы кантрактнікаў і мабілізаваных), гэта значыць амаль удвая больш, чым за аналягічны пэрыяд 2023 году. Летась банкі афармлялі менш за 30 тысяч крэдытных канікулаў у кожным квартале.
Закон аб наданьні крэдытных канікулаў па іпатэчных і спажывецкіх крэдытах і пазыках удзельнікам вайны ва Ўкраіне Пуцін падпісаў у кастрычніку 2022 году. З пачатку яго дзеяньня агулам было аформлена 411 тысяч крэдытных канікулаў.
Тэмпы вэрбаваньня ў расейскае войска вырасьлі ў 2024 годзе. Для гэтага ў рэгіёнах павысілі памеры аднаразовай выплаты. Цяпер максымальны памер аднаразовых выплат перавышае тры мільёны расейскіх рублёў (каля 30 тысяч даляраў ЗША). Паводле ацэнкі амэрыканскай выведкі, якую прыводзіць The New York Times, у расейскае войска для вайны з Украінай штомесяц вэрбуюць 25-30 тысяч чалавек.
Аналітыкі ўказваюць, што, абяцаючы буйныя выплаты пры падпісаньні кантракту з войскам, а таксама ў выпадку раненьня ці сьмерці вайскоўца, Расея значна папаўняе шэрагі сваіх узброеных сіл, пазьбягаючы абвяшчэньня мабілізацыі, таму што гэта цягне за сабой палітычныя рызыкі ў выглядзе большай незадаволенасьці расейцаў.
Журналісты пацьвердзілі гібель 78,3 тысячы расейскіх вайскоўцаў на вайне. Больш за ўсё на фронце цяпер гінуць добраахвотнікі
«Медиазона» сумесна з Рускай службай ВВС і камандай валянтэраў вядзе падлік загінулых на фронце расейскіх вайскоўцаў, заснаваны на адкрытых зьвестак і публікацыях у СМІ. Да сярэдзіны лістапада журналісты пацьвердзілі гібель сама меней 78 329 расейскіх вайскоўцаў.
У верасьні, кастрычніку і лістападзе тэмпы прыросту пацьверджанай колькасьці загінулых, як сьцьвярджаецца, самыя высокія за час вайны. Так, у верасьні журналісты кожны дзень фіксавалі паведамленьні аб гібелі 140 расейскіх вайскоўцаў, а ў кастрычніку — у сярэднім 152. У 2023 годзе сярэднія штодзённыя паказчыкі сьмяротнасьці вайскоўцаў складалі 90 чалавек.
Больш за ўсё на фронце цяпер гінуць добраахвотнікі, канстатуюць журналісты на падставе атрыманых зьвестак. Агулам зь лютага 2024 году журналісты пацьвердзілі сьмерць 16 551 добраахвотніка, што складае 23% ад агульнай колькасьці пацьверджаных імі стратаў з расейскага боку.
Добраахвотнікі, якія падпісваюць кантракты зь Мінабароны Расеі, атрымліваюць мінімальную падрыхтоўку. Многія зь іх, як паведамляецца, гінуць або зьнікаюць бязь вестак на працягу 12-18 дзён пасьля падпісаньня кантракту. Паводле зьвестак журналістаў, з агульнай колькасьці пацьверджаных загінулых 56% не былі зьвязаны з арміяй РФ на момант пачатку вайны.
Рост стратаў зь верасьня журналісты зьвязваюць з наступам расейскіх войскаў у Данецкай вобласьці, уключаючы штурмы Вуглядара і Пакроўска. Таксама паказчыкі маглі павялічыцца з прычыны паступовага пацьверджання расейскіх страт у Курскай вобласьці ці наступстваў летняй наступальнай кампаніі, адзначаюць яны.
Мінабароны Расеі не раскрывае зьвесткі пра колькасьць загінулых у вайне з Украінай вайскоўцаў, добраахвотнікаў і зьняволеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія мэты Пуціна: дакумэнты 2022 году раскрываюць пляны Расеі на пасьляваенную Ўкраіну