Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Размова ідзе пра адзін з найбуйных крыптавалютных крадзяжоў у гісторыі: у той момант кошт выкрадзеных біткойнаў складаў каля 70 мільёнаў даляраў, да моманту арышту Ліхтэнштэйна яна вырасла да 4,5 мільярдаў даляраў, а ў сёньняшніх цэнах перавышае 10 мільярдаў даляраў.
Паводле судовых дакумэнтаў, Ліхтэнштэйн атрымаў доступ у сетку Bitfinex з выкарыстаньнем хакерскіх інструмэнтаў і ашуканскім чынам правёў больш за 2 тысячы транзакцыяў, перавёўшы амаль 120 тысяч біткоінаў на свой крыптакашалёк. Каб замесьці сляды, ён выдаліў дадзеныя аб доступе з сыстэм Bitfinex, якія маглі б раскрыць яго дзеяньні праваахоўным органам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біткойн пераадолеў чарговы гістарычны максымум — 40 тысяч даляраўУ прэсавым рэлізе Мінюсту ЗША гаворыцца, што пасьля крадзяжу Ліхтэнштэйн з дапамогай жонкі Хізэр Морган выкарыстаў цэлы шэраг складаных тактык адмываньня грошай. Яны стваралі выдуманыя асобы для онлайн акаўнтаў, выкарыстоўвалі кампутарныя праграмы для аўтаматызацыі транзакцый, канвэртавалі біткоіны ў іншыя крыптавалюты і выкарыстоўвалі так званыя біткоін-міксеры, каб ускладніць адсочваньне транзакцый. Частка сродкаў выводзілася праз рынкі ў Даркнэце, легальныя бізнэс-рахункі і нават канвэртавалася ў залатыя манэты.
Ліхтэнштэйн, які нарадзіўся ў Расеі і вырас у ЗША, сустракаўся з кур’ерамі падчас сямейных паездак і пераводзіў адмытыя грошы на радзіму, сьцьвярджаюць пракуроры.
Частка выведзеных сродкаў была выдаткаваная на розныя пакупкі — напрыклад, на падарункавую карту крамы Walmart на суму 500 даляраў. Пакупкі з гэтай карты шмат у чым і дапамаглі выйсьці на сьлед злачынцаў, гаварылася ў судовых дакумэнтах.
У жніўні 2023 года Ліхтэнштэйн і Морган прызналі сябе вінаватымі ў змове з мэтай адмываньня грошай. Прысуд Ліхтэнштэйну ўключае тры гады пад наглядам пасьля адбыцьця турэмнага тэрміну. Вынясеньне прысуду Морган прызначанае на 18 лістапада.
Урад ЗША канфіскаваў каля 95 тысяч біткоінаў, якія знаходзіліся ў крыптакашальках абвінавачаных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША ў расейца і ягонай жонкі канфіскавалі найбуйнейшую ў гісторыі суму крыптавалюты