Зяленскі: пры Трампу вайна ва Украіне скончыцца хутчэй

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп, Н'ю-Ёрк, 27 верасьня 2024

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію ўкраінскаму грамадзкаму вяшчальніку «Суспільнe» заявіў, што пры будучай адміністрацыі ЗША на чале з абраным прэзыдэнтам Дональдам Трампам «вайна скончыцца хутчэй».

«Для нас вельмі важны справядлівы мір, каб не было адчуваньня, што мы страцілі лепшых дзеля несправядлівасьці, якую нам накінулі. Вайна скончыцца, але дакладнай даты няма. Безумоўна, з палітыкай гэтай каманды, якая зараз узначаліць Белы дом, вайна скончыцца хутчэй. Гэта іх падыход, іх абяцаньне свайму грамадзтву, і для іх гэта таксама вельмі важна», — заявіў Зяленскі.

На ўдакладняючае пытаньне, ці вылучаў Трамп Кіеву патрабаваньне наконт удзелу ў перамовах з Расеяй, Зяленскі адказаў, што Ўкраіна — незалежная дзяржава. «І мы падчас гэтай вайны — і наш народ, і я асабіста ў перамовах з ЗША, і з Трампам, і з Байдэнам, і з эўрапейскімі лідэрамі — даказалі, што з намі рыторыка „Сядай і слухай“ не працуе», — дадаў украінскі прэзыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп можа прапанаваць буфэрную зону паміж Расеяй і Ўкраінай — The Telegraph
  • Падчас выбарчай кампаніі Дональд Трамп заяўляў, што ў выпадку абраньня зможа дамагчыся завяршэньня вайны ва Ўкраіне на працягу содня.
  • Шэраг асобаў з атачэньня Трампа намякалі на тое, што Ўкраіну будуць схіляць да мірных перамоваў з Масквой — нават на нявыгадных умовах. Ужо пасьля абраньня Трампа СМІ пісалі, што распрацаваны ў яго штабе плян прадугледжвае па сутнасьці «замарозку» канфлікту.
  • У той жа час сам Трамп не раскрываў падрабязнасьцяў таго, як ён мае намер дасягнуць міру. У ходзе кампаніі ён гаварыў як аб намеры наладжваць адносіны з Расеяй, так і аб тым, што адміністрацыя Джо Байдэна праводзіла ў адносінах да яе занадта мяккую палітыку.
  • Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў адзначаў, што Дональда Трампа «выгадна адрозьнівае ад дзейнай адміністрацыі тое, што ён не гаворыць аб жаданьні нанесьці стратэгічную паразу Расеі».