У Беларусі пачалі новую прапагандысцкую кампанію аб перавагах прэзыдэнцкай рэспублікі

На адным з выбарчых участкаў для датэрміновага галасаваньня ў Беларусі. Архіўнае фота

У межах гэтай кампаніі будуць праходзіць сустрэчы ў працоўных калектывах і навучальных установах.

У праўладнай партыі «Белая Русь» абвясьцілі пра пачатак «новага асьветніцкага» праекту «Прэзыдэнцкая рэспубліка».

Як паведаміла дзяржаўнае выданьне sb.by, гэты праект павінен «нагадаць народу аб тым, якіх посьпехаў краіна дасягнула за гады незалежнасьці».

«Краіна ўступіла ў чарговую электаральную кампанію. Ад таго, наколькі грамадзяне будуць уцягнутыя ў выбары прэзыдэнта, залежыць будучыня Беларусі», — працытавала выданьне кіраўніка «Белай Русі» Алега Раманава.

Паводле яго, у межах гэтай кампаніі будуць праходзіць сустрэчы ў працоўных калектывах і навучальных установах. «Мэта арганізатараў не пераканаць аўдыторыю ў нечым канкрэтным, а даць штуршок для разважаньняў. Кожны чалавек, які мысьліць, павінен глядзець на родную краіну ўласнымі вачамі, а не праз прызму штучна навязаных вобразаў, створаных за межамі», — падкрэсьліла выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 гадоў таму ў Беларусі прынялі Канстытуцыю і ўвялі прэзыдэнцтва. Як гэта было

Дыскусія аб адмове ад прэзыдэнцкай рэспублікі і пераходзе да парлямэнцкай формы праўленьня ў Беларусі абвастрыліся ў 2020 годзе, пасьля фальсыфікацыі ўладамі вынікаў выбараў прэзыдэнта і жорсткага разгону акцыяў пратэсту.

Дарадца Ціханоўскай у парлямэнцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька раней паведамляў аб распрацованьні новай Канстытуцыі Беларусі, якая будзе прадугледжваць пераход да парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі, дзе парлямэнт будзе прызначаць прэм’ер-міністра, а прэзыдэнт будзе выконваць функцыі стрымліваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лябедзька: Гэты праект Канстытуцыі сапраўды можна назваць народным


Некаторыя экспэрты выказваюцца на карысьць вяртаньня Беларусі да Канстытуцыі 1994 году, на падставе якой павінны адбыцца выбары ў першы свабодны парлямэнт постлукашэнкаўскай эпохі. Іншыя пераконваюць у неабходнасьці пераходу да парлямэнцкай рэспублікі.

У 2023 годзе праект «Справа выбару» падрыхтаваў адукацыйны курс, у якім расказвалі аб перавагах і заганах парлямэнцкай і прэзыдэнцкай формаў праўленьня, а таксама аб розных сыстэмах выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі будуць ведаць выбарчы працэс не інтуітыўна». Праект «Справа выбару» падрыхтаваў адукацыйны курс