Чаму курс беларускага рубля ставіць новыя адмоўныя рэкорды, — тлумачэньне эканамісткі Лузгіной

Беларускі рубель і даляры ЗША. Ілюстрацыйнае фота

Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна аналізуе, якія прычыны ўплываюць на падзеньне курсу беларускага рубля, і тлумачыць, чаму налета ня варта чакаць істотнага эканамічнага росту.

Сьцісла:

  • Сальда беларускага замежнага гандлю ў таварах і паслугах стала адмоўным.
  • Рызыка росту спажываньня ў тым, што павялічваецца доля набыцьця насельніцтвам імпартных тавараў.
  • Больш за 60% нехарчовых тавараў, якія купляюць беларусы, — гэта імпарт.
  • Ня толькі ў Расеі, але і ў Беларусі ідзе запавольваньне тэмпаў росту.
  • Расейцы тармозяць сваю эканоміку — і гэта адбіваецца на попыце, у тым ліку на беларускія тавары.

— Курс беларускага рубля ставіць новыя адмоўныя рэкорды. Што найбольш уплывае на ягонае падзеньне і які прагноз можна зрабіць на найбліжэйшы час?

— На гэты момант самы галоўны чыньнік — гэта падзеньне расейскага рубля. Паскорылася падзеньне беларускай валюты да даляра, але з другога боку, беларускі рубель умацаваўся да расейскага.

Чаму падае расейскі рубель? Сусьветнае зьніжэньне цэнаў на энэргарэсурсы (нафта сёньня каштуе каля 60 даляраў за барэль) адбіваецца на гандлёвым балянсе Расеі і, адпаведна, цісьне на расейскі рубель. Плюс праблемы з міжвалютнымі разьлікамі.

Анастасія Лузгіна

Зь іншага боку, мы бачым, што паводле дадзеных на студзень-верасень, сальда беларускага замежнага гандлю ў таварах і паслугах стала адмоўным. У таварах яно ўжо даволі даўно адмоўнае, але плюс у паслугах даваў агульны станоўчы вынік. Цяпер гэтага няма.

Калі такая тэндэнцыя будзе працягвацца, калі будзе расьці нэгатыўнае сальда, то гэта, безумоўна, будзе ціснуць на беларускі рубель. Так што на курс беларускага рубля будзе моцна ўплываць ня толькі замежны, расейскі чыньнік, але і ўнутраны беларускі.

— Наколькі моцна гэтыя два чыньнікі могуць зьнізіць курс беларускай нацыянальнай валюты?

— Паводле дадзеных Нацбанку, беларускія кампаніі купляюць валюты больш, чым прадаюць. Аднак гэтая розьніца пакуль балянсуецца продажам валюты насельніцтвам. Так што на рынку пакуль існуе балянсаваньне і дэфіцыту валюты няма. Тут пытаньне з паводзінамі насельніцтва, якое прадае валюту банкам: наколькі доўга будзе існаваць гэтая крыніца валюты.

— Паводле індэкса спажывецкай упэўненасьці, беларусы ацэньваюць сваё эканамічнае становішча і ягоныя пэрспэктывы дастаткова станоўча, у параўнаньні з многімі эўрапейскімі краінамі. Зразумела, гэта зьвязана з адчувальным падвышэньнем даходаў, якое адбывалася апошнія паўтара года. Ці можа рост курсу даляру, які назіраецца апошнія тыдні, падарваць гэты аптымізм?

— Курс рубля істотна вагаўся апошнія гады, часам пасьля падзеньня рубель зноў вырастаў. Нацыянальная валюта пачынае ўпэўнена зьніжацца, калі працуюць разам усе ўнутраныя і замежныя абставіны. Пакуль мы назіраем пэўную збалянсаванасьць. І беларусы прывыклі да таго, што курс вагаецца.

Што да спажывецкай упэўненасьці, то, натуральна, на гэта паўплываў рост даходаў насельніцтва. Акрамя таго, улады трымаюць цэны, і таму ўзровень інфляцыі пакуль параўнальна невысокі. Як доказ аптымістычнага ўспрыняцьця эканамічных рэаліяў мы бачым, што спажываньне сёлета таксама расьце даволі прыкметна.

Але рызыка росту спажываньня ў тым, што павялічваецца доля набыцьця імпартных тавараў — тэхнікі, адзеньня, абутку. Доля імпарту ў агульным аб’ёме беларускага спажываньня істотна ўзрасла. Улады змагаюцца за імпартазамяшчэньне, але ня надта пасьпяхова. Больш за 60 адсоткаў нехарчовых тавараў, якія купляюць беларусы, — гэта імпарт. І гэта істотная рызыка для гандлёвага сальда.

— Як вы казалі раней, істотнай пагрозай для беларускай эканомікі будзе тое, што Расея пачне наўмысна «тармазіць» свой эканамічны рост, што нэгатыўна адаб’ецца на закупках Расеяй беларускай прадукцыі. Ці можна сказаць, што гэта ўжо пачало адбывацца?

— Можна. Прычым ня толькі ў Расеі, але і ў Беларусі ўжо ідзе запаволеньне тэмпаў росту. І расейскі чыньнік тут важны, але не адзіны. Так, расейцы тармозяць сваю эканоміку і гэта адбіваецца на попыце, у тым ліку на беларускія тавары.

З другога боку, сама беларуская эканоміка працуе на сваіх максымальных абаротах, і паскорыць, стымуляваць яе можна толькі штучнымі спосабамі. Напрыклад, напампаваць яе крэдытамі. Але гэта павялічвае пагрозу моцнай інфляцыі, якую немагчыма будзе стрымаць нават ва ўмовах жорсткага кантролю.

Так што, на мой погляд, варта зыходзіць з таго, што калі ў наступным годзе і будзе эканамічны рост, то ён будзе мінімальным.

— А чаму ў беларускай эканоміцы апошнія гады ніколі не бывае працяглага росту? Пасьля некалькіх гадоў пад’ёму абавязкова надыходзіць падзеньне ці прынамсі рэцэсія на пэўны час. Аднак можна прыгадаць, што ў 2000–2010 гадах беларуская эканоміка расла штогод на 6-10 працэнтаў.

— Прадукцыйнасьць працы расьце вельмі павольна, нашмат павальней за заробкі. І гэты разрыў кладзецца цяжкім грузам на прадпрыемствы. Каб эканоміка расла, павінны быць тэхналёгіі, інвэстыцыі, людзі. Нічога гэтага няма, нават людзей не хапае. Іх спрабуюць прыцягнуць, падвышаючы заробак.

Але праз гэта ў прадпрыемстваў моцна зьніжаюцца паказчыкі рэнтабэльнасьці, растуць даўгі і паказчыкі чыстых стратаў. У іх няма магчымасьці разьвіваць дадатковыя магутнасьці. Расьце крэдытаваньне. Такім спосабам кампаніі і прадпрыемствы спрабуюць вырашыць свае праблемы.

Так што беларуская эканоміка сёньня ня мае магчымасьцяў і рэсурсаў для пашырэньня і рэзкага росту прадукцыйнасьці працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўная пагроза для беларускай эканомікі — эканамічны спад у Расеі, і гэта рэальная пэрспэктыва, — эканамістка Лузгіна