Праўкраінская хакерская групоўка DumpForums 14 лістапада заявіла, што ўзламала сетку Нацбанка Беларусі і атрымала доступ да базы дадзеных карыстальнікаў.
«Мы атрымалі доступ да сеткі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь дастаткова даўно, што дазволіла нам атрымаць базы дадзеных карыстальнікаў, а таксама дакумэнты, зьвязаныя з унутранымі праектамі і плянамі банка. Гэты доступ быў рэалізаваны пасьля стараннай падрыхтоўкі, і на працягу значнага пэрыяду мы заставаліся незаўважанымі ў іх інфраструктуры», — сьцьвярджаюць у DumpForums.
Групоўка сьцьвярджае, што дзякуючы ўзлому сеткі Нацбанку таксама атрымала і апрацавала доступы ў сеткі «некалькіх іншых дзяржаўных установаў Беларусі».
Хакеры заявілі пра намер «зьліць» некаторыя базы «у бліжэйшыя дні».
Тэлеграм-канал «Data1eaks Утечки баз данных» піша, што DumpForums у якасьці доказу ўзлому прадставілі некалькі SQL-дампаў (файлаў з зьмесцівам базы дадзеных), у якіх утрымліваюцца 43 562 адрасы электроннай пошты і 30 798 нумароў тэлефонаў. У дадзеных, доступ да якіх атрымалі хакеры, — прозьвішча, імя, тэлефон, e-mail, адрасы, УНП і назва арганізацыі, пасада, тэхнічныя палі. Актуальнасьць зьвестак ва ўцечцы — люты 2024 году, пішуць аўтары.
10 лістапада хакеры DumpForums паведамілі, што зьдзейсьнілі атаку на інфраструктуру беларускага дзяржаўнага парталу vat.gov.by, прызначанага для працы з электроннымі рахункамі-фактурамі (партал зьяўляецца афіцыйным рэсурсам Міністэрства па падатках і зборах Беларусі). У якасьці доказу хакеры з DumpForums прадэманстравалі прыклады атрыманых дадзеных — прозьвішчы, імёны і імёны па бацьку, назвы арганізацыяў, пасады, хэшаваныя паролі, адрасы электроннай пошты (каля 125 тысяч унікальных), тэлефоны (каля 10 тысяч унікальных). Дадзеныя «сліва» датуюцца 26 кастрычніка.
«Мы не забыліся на тых, хто падтрымлівае Расейскую Фэдэрацыю ў яе несправядлівай і разбуральнай вайне супраць Украіны», — гаварылася ў паведамленьні хакераў да гэтага зьліву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70 удзельнікаў, 11 млн асабістых профіляў, 15% бачнасьці. Расказваем гісторыю беларускіх «Кібэрпартызанаў»